У Харватыі праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў

Пераможца першага туру Зоран Міланавіч — галоўны канкурэнт дзейнай прэзыдэнткі Калінды Грабар-Кітаравіч

У нядзелю ў Харватыі праходзіць другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць дзейная прэзыдэнтка Калінда Грабар-Кітаравіч і былы прэм’ер-міністэр краіны, лідэр апазыцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Зоран Міланавіч. Пераможца будзе вызначаны простай большасьцю галасоў.

У першым туры, які прайшоў два тыдні таму, Міланавіч атрымаў 29,55% галасоў, Грабар-Кітаравіч — амаль на тры працэнты галасоў менш. Паводле сацыялягічных апытаньняў, перад другім турам разрыў паміж імі зьменшыўся да паўтара адсоткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абняў прэзыдэнтку Харватыі на сустрэчы лідэраў дзяржаваў пасьля футболу. ВІДЭА

Кандыдатуру дзейнай прэзыдэнткі падтрымлівае правацэнтрысцкая партыя Харвацкая дэмакратычная супольнасьць, якая мае большасьць у парлямэнце. Міланавіча падтрымлівае левацэнтрысцкая і левалібэральная апазыцыя.

51-гадовая Калінда Грабар-Кітаравіч кіруе Харватыяй ад студзеня 2015 году, калі ў другім туры выбараў яна атрымала 50,42% галасоў выбарнікаў, абышоўшы дзейнага на той момант прэзыдэнта Іву Ясіпавіча. Пры гэтым у першым туры яна, таксама як і на цяперашніх выбарах, прайграла.

Грабар-Кітаравіч — першая ў гісторыі жанчына, якая заняла пасаду прэзыдэнта Харватыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славенія адклікала амбасадарку з Харватыі праз шпіёнскі скандал

Пры гэтым кіраўнік Харватыі пасьля зьменаў у канстытуцыі ў 2000 годзе, калі краіна стала парлямэнцкай рэспублікай, мае менш паўнамоцтваў, чым прэм’ер-міністар, але вызначае зьнешнюю палітыку і займае пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Дзейны прэм’ер-міністар Харватыі — Андрэй Плэнкавіч. Ён належыць да партыі Харвацкая дэмакратычная супольнасьць, якая падтрымлівае цяперашнюю прэзыдэнтку.