ФОТАФАКТ. У Гомлі ля вакзалу гарэла ялінка — другая за тыдзень

А 8-й раніцы 5 студзеня ў Гомлі загарэлася ялінка ля чыгуначнага вакзалу.

Штучнае сьвяточнае дрэва з плястыку згарэла цалкам. Тры дні таму ледзь не згарэла ялінка ў Савецкім раёне абласнога цэнтру — ля яе ад пэтарды загарэўся штучны Дзед Мароз.

Абласное ўпраўленьне МНС паведамляе, што ялінка каля вакзалу была вышынёй 15 мэтраў, складалася з плястыкавых галінак на мэталічным каркасе. «Агнём зьнішчаны плястыкавыя галінкі і ілюмінацыя на ўсёй плошчы ялінкі», — паведамляюць выратавальнікі.
Адна з вэрсіяў пажару — парушэньне правілаў выкарыстаньня электрасетак і электраабсталяваньня.

Два гады таму ў Гомлі ў навагоднюю ноч згарэлі дзьве штучныя ялінкі — на праспэкце Перамогі і каля тралейбуснага парку.