Анісім ня пойдзе на прэзыдэнцкія выбары, калі ў іх возьме ўдзел Лукашэнка

Архіўнае фота

На Сойме Партыі БНФ 21 сьнежня былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адмовілася ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года ў Беларусі, калі ў іх возьме ўдзел кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.

Паводле belprauda.org, Анісім прапанавала апазыцыі правесьці перад выбарамі кампанію па зборы подпісаў за няўдзел Лукашэнкі ў выбарах.

Сойм Партыі БНФ не прыняў ніякіх рашэньняў аб падтрымцы прэзыдэнцкай кампаніі былой дэпутаткі.

Алена Анісім адной з першых заявіла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я іду змагацца за беларускі сьвет». Алена Анісім заявіла пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах

Аляксандар Лукашэнка 17 лістапада заявіў, што зноў будзе балятавацца ў прэзыдэнты.

«Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але, калі людзі катэгарычна будуць супраць, я пярэчыць ня буду, хоць, вядома, трохі перажываць буду».