Адным з высланых зь Нямеччыны расейскіх дыпляматаў быў афіцэр ГРУ

Расейскае пасольства ў Бэрліне

Адзін з дыпляматаў, высланых зь Нямеччыны пасьля забойства Зэлімхана Хангашвілі, быў намесьнік галоўнага вайсковага аташэ, афіцэр ГРУ Яўгеній Суцкі.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні нямецкага часопіса Bild і міжнароднай групы Bellingcat. Імя другога высланага расейскага дыплямата пакуль не паведамлялася.

Пра тое, што абодва расейцы могуць працаваць на ГРУ, раней пісалі Süddeutsche Zeitung і Der Spiegel. Спэцслужбы ФРГ вялі назіраньне за Суцкім з 2019 году. Паводле аўтараў расьсьледаваньня, ён мог вэрбаваць нямецкіх палітыкаў для прасоўваньня інтарэсаў расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2». Палітычны рэдактар Bild Юльян Рэпке апублікаваў фатаграфіі Суцкага.

На адной зь іх, як сьцьвярджае Рэпке, афіцэр ГРУ вучыць дзяцей дыпляматаў у школе пры расейскай амбасадзе ў Бэрліне. Пры гэтым, як адзначыў журналіст, пасьля высылкі дыпляматаў з сайта амбасады прапала паведамленьне аб маючай адбыцца лекцыі Суцкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тут апранаюцца, як у Бэрліне». Немец у вышыванцы запісаў рэп пра Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея высылае з краіны нямецкіх дыпляматаў