Былому прэзыдэнту Кіргізстану афіцыйна выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве

Алмазбэк Атамбаеў

Былому прэзыдэнту Кіргізстану Алмазбеку Атамбаеву афіцыйна выстаўлена абвінавачаньне ў забойстве начальніка службы спэцназу Ўсэна Ніязбекава, паведаміў кіраўнік МУС Кашкар Джунушаліеў.

Паводле яго, стрэл, ад якога загінуў Ніязбекаў 7 жніўня падчас штурму дома Атамбаева ў вёсцы Кой-Таш, быў зроблены з снайпэрскай вінтоўкі, аформленай асабіста на Атамбаева. Ніязбекаў атрымаў кулявое раненьне ў грудзі і загінуў.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану, з словаў яго адваката, ёсьць фігурантам 14 крымінальных справаў. Акрамя забойства спэцназаўца яго вінавацяць у арганізацыі масавых закалотаў, у пагрозах прадстаўнікам улады, незаконным абароце зброі, у перашкодзе сьледзтву, захопу закладнікаў, у замаху на забойства, а таксама ў некалькіх эпізодах карупцыі, у прыватнасьці незаконным набыцьці зямельных участкаў у Кой-Ташы, дзе Атамбаеў пабудаваў сабе рэзыдэнцыю.

7-8 жніўня 2019 года спэцназ Дзяржаўнага камітэта нацбясьпекі Кіргізстана і прадстаўнікі МУС амаль суткі штурмавалі рэзыдэнцыю Атамбаева, каб даставіць былога прэзыдэнта на допыт па справе аб карупцыі.

Пасьля штурму Атамбаеў быў арыштаваны і адпраўлены ў турму. Ён адмаўляецца размаўляць са сьледчымі і даваць паказаньні.