Кансэрватыўная партыя атрымае 50 дадатковых дэпутатаў на выбарах у парлямэнт Вялікабрытаніі, якія прайшлі 12 сьнежня.
Пра гэта сьведчыць апытаньне на выхадзе з выбарчых участкаў, праведзенае супольна Бі-бі-сі і тэлеканаламі ITV ды Sky News.
Паводле апытаньня, кансэрватары атрымаюць 368 дэпутатаў — гэта на 50 больш, чым на выбарах 2017 году. Лейбарысты маюць атрымаць 191 месца ў парлямэнце, лібэральныя дэмакраты 13, Шатляндзкая нацыянальная партыя 55. Чакаецца, што афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя каля 13-й гадзіны паводле менскага часу ў пятніцу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія зноў галасуе. Што пасьля выбараў будзе з Brexit?Пазачарговыя выбары ў Вялікабрытаніі былі прызначаныя праз сытуацыю, якая склалася вакол Брэксыту. Ураду Борыса Джонсана так і не ўдалося ажыцьцявіць выхад каралеўства з Эўразьвязу да 31 кастрычніка. У выніку ЭЗ адклаў Брэксыт да 31 студзеня 2020 году.
Выбары прайшлі паводле звычайнай для Вялікабрытаніі мажарытарнай сыстэмы ў адзін тур. Кандыдат, які заняў першае месца ў выбарчай акрузе, становіцца дэпутатам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Шатляндыі кажа пра новы рэфэрэндум аб незалежнасьці, нават калі не адбудзецца BrexitПадчас выбарчай кампаніі Джонсан адмовіўся ад прапанаванага яму лідэрам Партыі Брэксыту Найджэлам Фараджам перадвыбарчага саюзу. Фарадж прапаноўваў, што яго партыя ня будзе супернічаць з кансэрватарамі ў большасьці акругаў у абмен на адмову Джонсана ад пагадненьня з ЭЗ, якое Фарадж лічыць «несапраўдным» Брэксытам. Паводле апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў, Партыя Брэксыту цяпер не атрымае ніводнага дэпутата.
Брэксыт першапачаткова быў заплянаваны на 29 сакавіка. Ён пераносіцца ўжо трэці раз. Брытанскі парлямэнт кожны раз выступаў супраць выхаду з ЭЗ без дамовы і ў той жа час адмаўляўся зацьвердзіць дамову, прапанаваную кансэрватарамі.