Віктар Марціновіч: «Я непажаданы сын беларускай літаратурнай тусоўкі»

Пісьменьнік Віктар Марціновіч у вялікім відэаінтэрвію ў праекце «Морква» расказвае, чаму яго не прымае беларускамоўная літаратурная супольнасьць, чаму яго кнігі стаяць у маскоўскай кнігарні на паліцы «расейская проза» і чым ён адрозьніваецца ад Сьвятланы Алексіевіч. Прапануем асноўныя выказваньні.

«Да камплімэнтаў наконт зьнешнасьці стаўлюся як да кпінаў»

Віктар Марціновіч прызнаў, што часьцяком атрымлівае камплімэнты наконт сваёй зьнешнасьці, але ставіцца да іх зь вялікай доляй самаіроніі. Да таго ж пісьменьнік лічыць, што для мужчыны прыгажосьць — нікому не цікавая характарыстыка, бо ў сучасным грамадзтве «мужчына павінен быць моцным, але не прыгожым».

«І прывабнай маладой дзяўчыне, і клясычнаму прыгажунчыку вельмі складана па жыцьці бывае. Таму што людзей, якія бачаць у такіх асобах канкурэнцыю, заўсёды болей, чым людзей, якія ўрубаюць зялёнае сьвятло. Таму зьнешняя прывабнасьць — гэта хутчэй праклён, чым падарунак лёсу».

«Апошняе, што трэба рабіць, каб зразумець раман „Возера радасьці“, — гэта глядзець фільм „Возера радасьці“»

13 лістапада 2019 году адбылася прэм’ера кароткамэтражнага фільму рэжысэра Аляксея Палуяна «Возера радасьці» па аднайменным рамане Віктара Марціновіча, напісаным у 2016 годзе. Асаблівасьць экранізацыі ў тым, што фактычна там паказаны толькі адзін эпізод зь дзяцінства галоўнай гераіні раману. Пісьменьнік кажа, што яго не бянтэжаць гэтыя сюжэтныя нюансы, усё роўна «гэта гісторыі пра адно і тое ж».

«Я цалкам задаволены тым, што адбылося, як частка майго раману ўвасобілася ў лёсе дзяўчынкі Ясі, я лічу, што Анастасія Пляц сыграла на ўзроўні „Бог“. Адзінае, што я хачу дадаць: прагледзеўшы фільм, які вас уразіў, абавязкова памятайце, што часам за гэтым фільмам стаіць літаратурны твор, які таксама варты ўвагі».

«Дзеці бяз маці — заўсёды абдзеленыя»

У рамане Віктара Марціновіча «Возера», гэтаксама як і ў яго экранізацыі, лёс галоўнай гераіні вызначаецца заўчаснай сьмерцю маці. Пісьменьнік прызнаўся, што ў гэтым сэнсе ён таксама «скалечаны».

«Маці — гэта тое, што ўвасабляе любоў, пяшчоту, бескарысьлівы клопат. Чалавек, які рана страціў маці, — заўсёды будзе абдзелены, напалову недалюблены. Я ў гэтым сэнсе скалечаны тым, што адбылося ў маім асабістым лёсе, таму што маці моцна хварэла».

«Я ніколі не адчуваў сябе модным пісьменьнікам»

Віктара Марціновіча часта называюць «самым папулярным» ці «самым модным» сучасным пісьменьнікам Беларусі, ягоныя аўтограф-сэсіі стабільна зьбіраюць сотні чытачоў, на прэм’еры фільму «Возера радасьці» была поўная заля. Але літаратар кажа, што не ганарыцца гэтым, і расказвае пра Сяргея Міхалка, які, здабыўшы папулярнасьць у Беларусі, мусіць усьведамляць, што ў сьвеце ёсьць яшчэ больш пасьпяховыя музыкі.

«Трыюмфу, пачуцьця перамогі ніколі не было, і гэта добра, таму што пасьпяховасьць забівае талент. Да таго ж гэта Беларусь, дзетка, — тут кожны раз, калі цябе тры чалавекі хваліць, трыццаць чалавек цябе мяшае з брудам. Што тычыцца моды — то цяпер ёсьць звычка насіць кароткія джынсы, каб была аголеная частка лыткі. Гэта модна. Але гэта праходзіць. А літаратура — гэта нешта, што трывае заўсёды».

«Горват і Сьвечнікаў напісалі нешта вельмі істотнае»

Віктар Марціновіч лічыць, што сёньня мастацкая літаратура губляе давер: усё складаней і складаней прымусіць змэдыятызаваных людзей спачуваць прыдуманым гісторыям.

«Але набывае вялікую вагу літаратура, у якой бачны аўтар. І вось Горват — гэта чалавек, які ператварыў сваё жыцьцё ў істотны літаратурны твор. Да гэтага тое самае са сваім жыцьцём зрабіў Рома Сьвечнікаў, які напісаў выдатную кнігу „Рома едзе“. І той факт, што ні той, ні другі не атрымалі ніякіх узнагародаў, — пацьверджаньне таго, што яны напісалі нешта вельмі істотнае».

(Насамрэч Андрусь Горват за «Радзіва Прудок» у 2017 годзе атрымаў «Дэбют» і «Залатую літару»; Раман Сьвечнікаў у 2014-м за публікацыю «Рома ў Манголіі» — прэмію БАЖ «Вольнае слова» (1 месца ў намінацыі «Дэбют»), а за кнігу «Рома едзе» — першы прыз і гран-пры ў намінацыі інтэграваных мэдыяпраектаў на фэстывалі рэклямы і камунікацыі AD.NAK-2014. — РС.)

«Хаджу толькі ў тыя кавярні, дзе мяне не пазнаюць»

Пісьменьнік адзначыў, што ў Менску любіць гуляць на адрэзку праспэкту Незалежнасьці ад Кастрычніцкай да Плошчы Перамогі — падабаецца сталінская архітэктура. Але прызнаўся, што вымушаны ігнараваць папулярныя ў гэтай частцы гораду кавярні — там заўсёды бываюць людзі, якія яго пазнаюць.

«У такія моманты ты адчуваеш сябе распранутым. І я ня ведаю, куды дзець рукі, кшталту, што рабіць. Я не шукаю славы, я накручваю вялізны шалік, шапку і горблюся, каб мяне не пазналі».

«Мы ўсе — эўрапейцы, беларусы — забыліся, што такое страх»

Падпісчыкі Віктара Марціновіча ў сацыяльных сетках ведаюць — вялікую частку жыцьця ён праводзіць у вандроўках па экзатычных краінах, кшталту Віетнаму і Банглядэшу. Тлумачыць гэта проста — прагай спазнаваць страх, голад, бачыць сапраўдных людзей, чуць сапраўдныя чалавечыя гісторыі.

«Мы забыліся, што такое рэальнае жыцьцё. Вось калі мы апошні раз адчувалі голад? Мы страх адчуваем, толькі калі ліст з падатковай прыходзіць».

«Немагчыма жыць у Беларусі і ня ведаць, як адбываецца ператрус»

У дэбютным рамане «Параноя», які выйшаў у 2009 годзе, шмат даволі рэалістычных апісаньняў допытаў, ператрусаў, побыту ў турме. Віктар Марціновіч кажа, што пісаў гэта як на падставе ўласнага досьведу (у 2000-м ён быў адказчыкам па адміністратыўнай справе аб абароне гонару і годнасьці), так і грунтуючыся на расповедах іншых.

«Сёньня такі момант, калі кожны дзясяты пабываў у турме ці на допыце. Размах арыштаў неверагодны. У кожнага ёсьць гісторыя, якую ён пачуў. У мяне гэтых гісторый шмат, таму што шмат маіх знаёмцаў па палітыцы ці па эканоміцы туды заходзілі. І ў кожнага ёсьць нешта распавесьці».

«З прызнаньнем калег у мяне праблемы»

Нягледзячы на чытацкі посьпех, кнігі Віктара Марціновіча ніколі не траплялі ў шорт-ліст самай прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Адзіная беларуская ўзнагарода, якую атрымаў Марціновіч, — прэмія «Дэбют» за раман «Сьцюдзёны вырай» у 2012 годзе. На пачатку 2019 году пісьменьнік уступіў у беларускі ПЭН-цэнтар. Тлумачыць гэта жаданьнем наладзіць стасункі з калегамі, узяць удзел у якім-кольвек супольным праекце. Але пакуль нічога з гэтага не атрымалася — ён так і не зрабіўся паўнапраўным сябрам «гэтай тусоўкі, якую можна назваць беларускім літаратурным бамондам».

«Мне некамфортна ў сытуацыі, калі мяне хранічна не прымаюць. Прычым прычыну гэтага непрыняцьця я зразумець не магу. Калегі, асяродзьдзе, носьбіты беларускай мовы выціскаюць мяне зь беларускага сьвету, зь беларускай мовы. І я не разумею чаму — мы ўсе пішам на адной і той жа мове, мы ўсе ствараем адну і тую ж літаратуру. Чаму б не запрасіць мяне на нейкія падзеі? Чаму б разам не перакласьці нешта?»

У Расеі стаіць на паліцах «расейская проза»

У самай вялікай кнігарні Расеі апошні раман Віктара Марціновіча «Ноч» — сярод лідэраў паводле продажу. Аднак стаіць кніга на паліцы «Расейская проза» побач з творамі Андрэя Рубанава і Рамана Сенчына. Марціновіч ставіцца да гэтага спакойна.

«У сытуацыі, калі мяне старанна выштурхоўваюць, абплёўваюць і паказваюць, што я непажаданы сын беларускай літаратурнай тусоўкі, мне амаль што прыемна. Я магу сказаць — вось, сябры, глядзіце, я не беларускі пісьменьнік, дык ёсьць да халеры культур, якія мяне назавуць рускім, нямецкім, брытанскім пісьменьнікам. Але, паколькі я пішу пра гэтую зямлю, паколькі я карыстаюся сваёй роднай мовай, я хацеў бы быць усё ж беларускім пісьменьнікам».

«Да 2008 году я ні бэ ні мэ ня мог сказаць па-беларуску»

Апроч дэбютнага раману ўсе творы Віктара Марціновіча маюць расейскамоўны і беларускамоўны варыянты. «Сьцюдзены вырай», «Мова» і «Ноч» былі напісаныя па-беларуску ў арыгінале. Пісьменьнік лічыць важным наяўнасьць беларускамоўнага варыянту, нягледзячы на тое, што абсалютная большасьць чытачоў валодае расейскай, а 70 працэнтаў патэнцыйных чытачоў «фізычна ня можа чытаць на беларускай мове».

«Напісаўшы ў 2008 годзе „Параною“, вырашыў вывучыць беларускую мову і загаварыць на ёй публічна. Я вырашыў прайсьці гэты шлях. Напрыклад, Сьвятлана Алексіевіч вырашыла да гэтага шляху нават не набліжацца. Таму што для яе тое, што яна гаворыць, важней, чым як яна гэта гаворыць».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой самы вялікі ганарар — 100 тысяч даляраў». Сцэнарыст Курэйчык пра беларускі патрыятызм і працу ў Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь можа стаць на ногі за год», — нашумелае інтэрвію з Пазьняком. Поўная тэкставая вэрсія
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьміцер Дашкевіч: «Калі мне замовяць шафу з расейскім трыкалёрам — зраблю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «90% маіх работ не прымаюць». Уладзімер Цэсьлер пра Курапаты, Алексіевіч і агратрэш