Удзельнікі сустрэчы з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага 3 сьнежня ў Кіеве ўхвалілі «пяць сцэнароў рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Данбасу», паведамляе афіцыйны сайт галавы ўкраінскай дзяржавы.
У паведамленьні няма падрабязнасьцяў гэтых сцэнароў.
«Уладзімір Зяленскі ясна акрэсьліў пазыцыю што да недапушчальнасьці разьвязаньня праблемы акупаваных тэрыторыяў вайсковым шляхам і неабходнасьці дасягненьня міру на ўсходзе Ўкраіны палітычнымі і дыпляматычнымі мэтадамі, — паведамляецца на сайце прэзыдэнта. —Сакратар РНБА Аляксей Данілаў выказаў упэўненасьць, што пры падтрымцы міжнародных партнэраў Украіна зможа вярнуць часова акупаваныя тэрыторыі і спыніць ваенныя дзеяньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Я не пагаджуся ісьці з вайной на Данбас»Перад сустрэчай у нармандзкім фармаце пройдзе пасяджэньне РНБА пад старшынствам Зяленскага, гаворыцца ў паведамленьні.
Сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» адбудзецца 9 сьнежня ў Парыжы з удзелам лідэраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі. Апошнія падобныя перамовы адбыліся ў кастрычніку 2016 году.
9 сьнежня ў Парыжы Ўладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін упершыню сустрэнуцца асабіста, раней яны размаўлялі толькі праз тэлефон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры фракцыі Рады агучылі Зяленскаму 5 «чырвоных ліній» перад сустрэчай з Пуціным