Эўрапарлямэнт абвясьціў надзвычайную кліматычную сытуацыю

Мітынг у Амстэрдаме ў падтрымку змаганьня з глябальным пацяпленьнем, архіўнае фота

Эўрапарлямэнт абвясьціў надзвычайную кліматычную і экалягічную сытуацыю. За адпаведную рэзалюцыю сёньня, 28 лістапада, прагаласавалі дэпутаты. Дакумэнт ня носіць абавязковага характару.

Дэпутаты рэкамэндавалі Эўракамісіі прасачыць, каб усе заканадаўчыя і бюджэтныя рашэньні адпавядалі мэце Парыскага пагадненьня — не дапусьціць глябальнага пацяпленьня больш чым на паўтара градуса паводле Цэльсію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцэнтрацыя парніковых газаў у атмасфэры дасягнула рэкордных узроўняў

Эўрапарлямэнт таксама заклікаў ААН на канфэрэнцыі па клімаце ў Мадрыдзе ў сьнежні ўзяць абавязаньне скараціць выкіды парніковых газаў на 55 працэнтаў да 2030 году. Дэпутаты ў рэзалюцыі папрасілі Эўракамісію ўключыць мараходзтва ў агульную сыстэму абмену квотамі газавай эмісіі.

Дэпутаты адзначылі, што краіны Эўразьвязу з 2020 году павінны падвоіць свае ўнёскі ў міжнародны Зялёны кліматычны фонд і спыніць субсыдыі на выкапнёвае паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Оксфардзкі слоўнік назваў словам 2019 году «climate emergency»

Паводле дадзеных Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, у 2018 годзе канцэнтрацыя вуглякіслага газу перавысіла на 47 адсоткаў ўзровень даіндустрыяльнай эпохі (раньняя стадыя разьвіцьця грамадзтва да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя).