Пратэстоўцы будуюць барыкады каля парлямэнту Грузіі

Пратэстоўцы пачалі ўзводзіць барыкады каля парлямэнту Грузіі ў цэнтры Тбілісі — вуліцу братоў Зубалашвілі перакрылі мяшкамі зь пяском і будаўнічым друзам, паведамляе агенцтва «Навіны-Грузія».

Больш за 20 апазыцыйных партый сёньня правялі ў цэнтры Тбілісі маштабную акцыю пратэсту ў адказ на правал канстытуцыйнай рэформы. Раней яны абвясьцілі пра пачатак «поўнага пікетаваньня парлямэнту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія на парозе новай рэвалюцыі. На вуліцах і плошчах Тбілісі зьбіраюцца пратэстоўцы

На гэтым тыдні парлямэнт Грузіі адхіліў папраўкі ў Канстытуцыю аб пераходзе на цалкам прапарцыйную сыстэму выбараў ужо ў 2020 годзе. Апазыцыя абвінавачвае кіроўную партыю «Грузінская мара» у зрыве канстытуцыйнай рэформы і патрабуе датэрміновых выбараў па прапарцыйнай сыстэме.

Сярод патрабаваньняў апазыцыі таксама фармаваньне часовага, тэхнічнага ўраду і рэарганізацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі зарэгістравалі Міжнародны камітэт захаваньня незалежнасьці Беларусі імя Каліноўскага