Ізраіль зьнішчыў лідэра «Ісламскага джыхаду». Палестынскія радыкалы пагражаюць «крывавай помстай»

Баха Абу Аль-Ата, архіўны здымак

У аўторак раніцай у выніку ракетнага ўдару ізраільскіх сіл па сэктары Газы загінуў Баха Абу Аль-Ата, адзін зь лідэраў «Ісламскага джыхаду». Палестынскія радыкалы пагражаюць Ізраілю «крывавай помстай».

Ізраільскія ўлады ўскладалі на Аль-Ату адказнасьць за нападу паблізу мяжы з сэктарам Газы і сьцьвярджалі, што ён плянаваў новыя напады. Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў Ату гадзіньнікавай бомбай.

Пры ракетным удары па яго хаце ў сэктары Газы незадоўга да сьвітаньня загінулі таксама жонка Аль-Аты, два чалавекі былі параненыя, заявіла групоўка.

Іншы ракетны ўдар Ізраіль нанёс па доме іншага лідэра «Ісламскага джыхаду» Акрамя Аль-Аджуры ў сталіцы Сірыі Дамаску. Сірыйскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што загінулі два чалавекі, уключаючы сына Аль-Аджуры.

Кіраўніцтва групоўкі назвала ракетныя ўдары «абвяшчэньнем вайны» і паабяцала адпомсьціць. Неўзабаве пасьля гэтага палестынскія баевікі пачалі абстрэл Ізраіля. Былі выпушчаныя дзясяткі ракет. Значная частка іх была перахопленая ізраільскай супрацьракетнай сыстэмай «Жалезны купал». Аб загінулых інфармацыі няма.