Навіна пра сьмерць нобэлеўскай ляўрэаткі Эліс Манро аказалася фэйкам

Эліс Манро

У сеціве зьявілася паведамленьне, што сёньня, на 89-м годзе жыцьця, памерла канадзкая пісьменьніца Эліс Манро, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі 2013 году. Навіна, як неўзабаве высьветлілася, аказалася фэйкам.

Фэйк прыпісваюць італьянскаму журналісту Тамаза Дэбэнэдэці, які раней уводзіў у зман СМІ, паведамляючы пра сьмерць Сьвятланы Алексіевіч, Фідэля Кастра ці Пэдра Альмадовара.

Эліс Манро нарадзілася ў 1931 годзе ў мястэчку Ўінгэм (канадзкая правінцыя Антарыё) у сям’і школьнай настаўніцы і фэрмэра. Сваё першае апавяданьне надрукавала ў 1950 годзе падчас навучаньня ва Ўнівэрсітэце Заходняга Антарыё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позьняя кветка» з правінцыі Антарыё

Пісьменьніцкая слава прыйшла да Манро досыць позна, калі ёй было каля сарака гадоў. За сваё жыцьцё яна апублікавала 14 зборнікаў апавяданьняў, якія прынесьлі ёй прызнаньне крытыкі і тытул «нашага Чэхава» ў сучаснай англамоўнай літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашук пра непралітыя сьлёзы Эліс Манро

У 2009 Манро атрымала Букераўскую прэмію, а ў 2013 — Нобэлеўскую прэмію.