Кіраўнік МЗС Нямеччыны: Эўропа без ЗША ня здолее сябе абараніць

Гайка Маас

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас лічыць, што без ЗША Эўропа і Нямеччына ня здолеюць сябе эфэктыўна абараняць, таму супрацоўніцтва ў рамках NATO вельмі важнае.

«Для Нямеччыны відавочна: было б памылкай падрываць аўтарытэт NATO. Без ЗША ні Нямеччына, ні Эўропа будуць ня ў стане эфэктыўна сябе абараніць. Нядаўняе парушэньне Расеяй дамовы аб РСМД зрабіла гэта відавочным», — напісаў міністар у артыкуле для тыднёвіка «Шпігель».

Паводле Мааса, эўрапейская палітыка без Вашынгтону была б прыкладам безадказнасьці. «Мы будзем мець патрэбу ў NATO на працягу многіх гадоў. Альянс адказвае за разьмеркаваньне нагрузак, за міжнароднае супрацоўніцтва, за шматграннасьць», — лічыць міністар.

Паводле яго, нават калі Эўропа аднойчы зможа абараніць сябе самастойна, паўночнаатлянтычны альянс усё роўна будзе неабходны.