Мільярдэр і былы мэр Нью-Ёрка лічыць, што ніхто зь цяперашняга шэрагу кандыдатаў ня ў стане перамагчы Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года.
77-гадовы Майкл Блумбэрг увечары ў пятніцу падаў дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ЗША на першасных выбарах у Алабаме, паведамляе ВВС.
Экс-мэр Нью-Ёрка падаў дакумэнты, неабходныя для ўдзелу ў гонцы ў апошні момант, але яшчэ не абвесьціў афіцыйна аб тым, што будзе змагацца за прэзыдэнцтва.
Раніцай у пятніцу Трамп у зьдзеклівай форме пракамэнтаваў паведамленьні аб намеры Блумбэрга балятавацца ў прэзыдэнты. «Няма нікога [сярод дэмакратаў], супраць каго мне больш хацелася б балятавацца, чым маленькі Майкл», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
У цяперашні час у сьпісе Дэмакратычнай партыі намінацыі дамагаюцца 17 кандыдатаў.
Былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, сэнатар ад штата Масачусэтс Элізабэт Уорэн і сэнатар ад штата Вэрмонт Бэрні Сандэрс лічацца фаварытамі.