Дональд Трамп, магчыма, наведае Парад Перамогі ў Маскве

Дональд Трамп.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасьць удзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысьвечаных Дню перамогі ў Расеі 9 траўня наступнага году.

Пра гэта Трамп заявіў журналістам у Вашынгтоне перад адлётам у Атланту. Раней запрашэньне Трампу на ўрачыстасьці ў Маскве накіраваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

У размове з журналістамі прэзыдэнт ЗША адзначыў, што высока цэніць запрашэньне. Пры гэтым Трамп падкрэсьліў, што імпрэзы ў Расеі будуць праходзіць у разгар палітычнага сэзону ў ЗША. «Я пагляджу, ці змагу я гэта зрабіць, але я б з радасьцю паехаў, калі б змог», — сказаў Трамп.

Агенцтва Reuters нагадвае, што адносіны Масквы і Вашынгтону абвастрыліся пасьля таго, як у ЗША было ўстаноўлена ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году. Аднак, на думку журналістаў, адказ Трампа дазваляе меркаваць аб тым, што лідэры дзьвюх краін маглі захаваць добрыя адносіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі ў сувязі з умяшаньнем Расеі ў выбары

Пра тое, што Пуцін запрасіў Трампа на Парад Перамогі 9 траўня 2020 году, стала вядома ў чэрвені, пасьля сустрэчы лідэраў дзьвюх краін у Осацы на палях саміту «Вялікай дваццаткі».

Улетку памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў распавёў, што запрашэньні на расейскія ўрачыстасьці з нагоды 75-годзьдзя Перамогі накіраваныя сярод іншых прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі, канцлеру Нямеччыны, лідэру КНДР, прэзыдэнту Украіны. Аб пацьвярджэньні візытаў лідэраў гэтых краін пакуль не паведамлялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі другі пакет санкцый супраць Расеі — ён тычыцца крэдытаў і дзяржаўнага доўгу