Іран заяўляе аб пачатку «вытворчасьці ўзбагачанага ўрану»

Узбагачэньне ўрану на падземным аб'екце Фардо забараняе ядзернае пагадненьне 2015 года

Агенцтва па атамнай энэргіі Ірана паведамляе, што падало газ у цэнтрыфугі на ядзерным аб’екце Фардо. Як гаворыцца ў паведамленьні агенцтва раніцай 7 лістапада, «вытворчасьць і збор узбагачанага ўрану на пляцоўцы Фардо пачаліся».

Напярэдадні прадстаўнік агенцтва паведамляў, што падача газу ў 1044 цэнтрыфугі на ядзерным абʼекце пачалася ў прысутнасьці інспэктараў зь Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі. А прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані заявіў, што «дзякуючы палітыцы ЗША і іх саюзьнікаў Фардо хутка вернецца да паўнавартаснай працы».

Прадстаўнік МАГАТЭ паведаміў, што інспэктары ядзернага агенцтва ААН знаходзяцца ў Іране, і яны паведамяць пра любую дзейнасьць у штаб-кватэру МАГАТЭ ў Вене.

7 лістапада МАГАТЭ правядзе пазачарговае пасяджэньне рады ў дачыненьні да Ірана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць атачэньня вярхоўнага лідэра Ірану

Узбагачэньне ўрану на падземным абʼекце Фардо забараняе ядзерная зьдзелка 2015 года. Злучаныя Штаты Амэрыкі заявілі, што пашырэньне дзейнасьці Ірана па ўзбагачэньні ўрану зьяўляецца «вялікім крокам у няправільным кірунку» і абвінавацілі Тэгеран у «ядзерным шантажы».

Пагадненьне 2015 абмежавала ядзерную праграму Ірана. Сярод падпісантаў Агульнага ўсёабдымнага пляна дзеяньняў — ЗША, Расея, Кітай, Францыя, Вялікабрытанія і Нямеччына.

У 2018 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вывеў Вашынгтон з пагадненьня, абвінаваціўшы Іран у яго парушэньнях. З тых часоў ён наклаў на Тэгеран ужо некалькі пакетаў санкцый ЗША і пагражае новымі абмежаваньнямі.

У адказ Іран патрабуе ад іншых удзельнікаў зьдзелкі абараніць Тэгеран ад амэрыканскіх санкцый і, заяўляючы пра іх бязьдзейнасьць, пачаў дэманстратыўна парушаць некаторыя пункты пагадненьня. Затое краіны-ўдзельніцы папярэдзілі Іран, што ён павінен вярнуцца да выкананьня сваіх абавязацельстваў.