Прэсавая сакратарка Белстату пра перапіс: «Трасянка» мае самастойны код

Перапіс насельніцтва

Папярэднія зьвесткі перапісу насельніцтва будуць даступныя карыстальнікам у лютым 2020 году

6 лістапада — апошні дзень кантрольнага абыходу кватэраў перапісчыкамі ў межах агульнанацыянальнага перапісу-2019. Напярэдадні мы папрасілі прэсавую сакратарку Белстату Тацьцяну Лапкоўскую адказаць на некалькі пытаньняў наконт сёлетняга перапісу.

— Падчас перапісу як перапісчыкі кадыфікавалі адказ «трасянка» на моўныя пытаньні — пра родную мову і мову штодзённых зносін? Як «беларуская мова», як «іншая мова», ці быў асобны варыянт адказу «трасянка»?

— У выпадку, калі на пытаньні «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)» і «На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома», рэспандэнт адказваў «трасянка», то гэты адказ і заносіўся перапісчыкам у пляншэт. У слоўніку моваў, які выкарыстоўваецца для кадаваньня адказаў рэспандэнтаў на пытаньні аб мовах, адказ «трасянка» мае самастойны код.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўтаматам ставяць роднай расейскую мову»: Людзі абураюцца перапісам, у Белстаце ня бачаць праблемы

— Падчас гэтага перапісу перапісчыкі заносілі дадзеныя ў адмысловыя пляншэты. Гэтыя пляншэты падчас збору дадзеных былі падлучаныя да інтэрнэту, дадзеныя зьбіраліся ў рэальным часе або перапісчыкі потым пераносілі сабраныя дадзеныя на сэрвэр Белстату?

— Пасьля таго, як перапісчык правёў апытаньне па адрасе і націснуў на экране пляншэта кнопку «Адправіць», усе перапісныя аркушы па дадзеным адрасе аўтаматычна кадзіраваліся, пасьля чаго закадаваныя перапісныя аркушы ў аўтаматычным рэжыме па вылучаным канале сувязі адпраўляліся на сэрвэр Белстату і выдаляліся з пляншэту перапісчыка таксама ў аўтаматычным рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмаграфічны партрэт беларусаў паводле перапісаў

— Як хутка пасьля завяршэньня перапісу будуць апублікаваныя яго вынікі? Гэта адбудзецца хутчэй, чым было ў 2009 годзе?

— Папярэднія зьвесткі перапісу насельніцтва будуць даступныя карыстальнікам ужо ў лютым 2020 году, дэталізаваную разьбіўку дадзеных плянуецца запусьціць недзе да верасьня 2020 году, па сельскагаспадарчаму апытальніку — да ліпеня 2021 году.

— Ці ёсьць ускосныя ацэнкі, якая частка насельніцтва не была перапісаная па тых ці іншых прычынах — працоўная міграцыя, адмова ўдзельнічаць у перапісе і гэтак далей?

— У цяперашні час уся атрыманая падчас перапісу інфармацыя знаходзіцца на сэрвэры Белстату ў зашыфраваным выглядзе, таму правесьці якую-небудзь ацэнку не ўяўляецца магчымым. Па завяршэньні 6 лістапада 2019 году ў 21.00 кантрольнага абыходу адрасоў, выбраных выпадковым чынам (гэта ўсясьветная практыка), пачнецца апрацоўка атрыманай інфармацыі, першым этапам якой будзе расшыфроўка запісаў, якія паступілі на сэрвэр Белстату. Пасьля гэтага зьявіцца магчымасьць праводзіць ацэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перапіс: роднай беларускай мовы будзе больш, чым у 2009 годзе