Вугоршчына разблякавала заяву прадстаўнікоў краін NATO па Ўкраіне

Пэтэр Сіярта, міністар замежных справаў Вугоршчыны

Вугоршчына разблякавала заяву прадстаўнікоў краін NATO па Ўкраіне. Такое рашэньне было прынятае пасьля таго, як у дакумэнце былі ўлічаныя прапановы Будапэшту па вугорскай меншасьці, якая пражывае ўва ўкраінскім Закарпацьці.

Як заявіў Пэтэр Сіярта, міністар замежных справаў Вугоршчыны, «прапановы былі прынятыя пад увагу ў апошні момант», і таму Будапэшт падтрымаў сумесную заяву амбасадараў NATO.

Раней сёньня была апублікаваная заява Камісіі NATO - Украіна з 11 пунктаў.

30-31 кастрычніка ва Ўкраіну зь візытам прыбыла Паўночнаатлантычная рада, у якую ўваходзяць амбасадары ўсіх 29 краін альянсу.

Адносіны Будапэшту і Кіеву абвастрыліся пасьля прыняцьця ва Ўкраіне новага закону аб мове. Адзінай дзяржаўнай мовай у краіне стала ўкраінская. Яна зьяўляецца абавязковай для ўсіх органаў улады і грамадзкіх арганізацый, але не распаўсюджваецца на прыватныя зносіны.

Вугоршчына выказала асьцярогу, што новы ўкраінскі закон можа ўшчаміць правы вугорскай меншасьці ў Закарпацьці. На думку Будапэшту, гэта парушае асноўныя прынцыпы Эўразьвязу і пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ. У сваю чаргу Кіеў заявіў, што Ўкраіна цалкам гарантуе абарону правоў нацменшасьцяў, а закон аб мове пашырае іх магчымасьці адыгрываць важную ролю ва ўкраінскім грамадзтве.