У Беластоку перайменавалі вуліцу Лупашкі, чый атрад спаліў беларускую вёску

Вуліца Лупашкі, 2018 год

Гарадзкая рада Беластоку пастанавіла зьмяніць назву вуліцы, якая насіла імя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», польскага антыкамуністычнага падпольшчыка. Гісторыкі кажуць, што яго падначаленыя забівалі беларусаў у вёсках Беласточчыны.

Як паведамляе карэспандэнт радыё Tok FM, за зьмену назвы вуліцы прагаласавалі 13 дэпутатаў, 12 былі супраць. Цяпер былая вуліца Лупашкі будзе называцца Падляскай. Назваць адну з вуліц Беластоку ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» гарадзкая рада пастанавіла ў красавіку 2018 году.

Супраць наданьня вуліцы ў Беластоку імя Лупашкі летась выступалі мясцовыя людзі, як беларусы, так і палякі. На вуліцы Лупашкі невядомыя пісалі на агароджах «Забойца» і клеілі налепкі. Польскія нацыяналісты нават патрулявалі вуліцу з мэтай абараніць шыльды ад нязгодных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія радыкалы будуць патруляваць вуліцу ў Беластоку. Яе патрона беларусы лічаць злачынцам

10 траўня 1945 году польскія падпольшчыкі, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», спалілі на Беласточчыне беларускую вёску Вілюкі. Быў забіты жыхар вёскі Васіль Германюк. 22 траўня падначаленыя Лупашкі спалілі вёску Патокі.

Падчас пажару загінулі трое дзяцей — Мікалай Герасімчук (10 гадоў), Ніна Герасімчук (8 гадоў) і Яўгенія Герасімчук (6 гадоў). За тыдзень да гэтага той самы атрад расстраляў чатырох жыхароў Патокаў — Яна Бекіша, ягонага 15-гадовага сына Ўладзімера, а таксама братоў Яна і Ўладзімера Малашэўскіх. Іх абвінавацілі ў сымпатыях да камуністычнай улады.