Краіны Эўрапейскага саюза пагадзіліся адкласці Brexit — выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ — на 3 месяцы, да 31 студзеня 2020 года. Пра гэта паведаміў у твітары кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск.
The EU27 has agreed that it will accept the UK%27s request for a #Brexit flextension until 31 January 2020. The decision is expected to be formalised through a written procedure.
— Donald Tusk (@eucopresident) October 28, 2019
Калі брытанскі парлямэнт ратыфікуе пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ раней, чым 31 студзеня, Brexit можа адбыцца раней. Фармальна рашэньне аб адтэрміноўцы Brexit павінны прыняць паслы краін ЭЗ у Брусэлі. Па дадзеных агенцтва Reuters, гэта адбудзецца ў аўторак ці ў сераду.
Брытанскі прэм’ер Барыс Джонсан быў супраць адтэрміноўкі і быў гатовы вывесьці краіну з Эўразьвязу 31 кастрычніка нават без пагадненьня. Парлямэнт, аднак, абавязаў яго папрасіць ЭЗ аб адтэрміноўцы. Зараз лёс Brexit залежыць ад брытанскага парлямэнта.
Сёньня ён абмяркуе запыт Джонсана аб правядзеньні датэрміновых выбараў. Для яго ўхваленьня неабходна згода апазыцыйных лейбарыстаў. Аднак яны гатовыя яго даць толькі ў выпадку, калі Джонсан паабяцае, што Брытанія ня выйдзе з ЭЗ без пагадненьня.