У Брытаніі арыштавалі падазраваных у дачыненьні да гібелі 39 чалавек

Месца, дзе найшлі фуру з мёртвымі целамі — мястэчка Грэйс

Паліцыя паведаміла, што ў пятніцу яны арыштавалі двух людзей па падазрэньняў у гандлі людзьмі і датычнасьці да сьмерці 39 чалавек. Затрыманыя 38-гадовыя мужчына і жанчына.​ Працягваюць дапытваць кіроўцу фуры, у якой знайшлі 39 мёртвых целаў, — піша агенцтва Reuters.

Кіроўца ня быў афіцыйна ідэнтыфікаваны, але крыніца, знаёмая з расследаваньнем, паведамляе, што гэта малады мужчына Мо Робінсан з Паўночнай Ірляндыі. Пазьней дэтэктывы павінны будуць вырашаць, вылучыць яму абвінавачаньне ў злачынстве, вызваліць яго ці папрасіць суд даць ім больш часу для допыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузавік, у якім знайшлі целы 39 чалавек, належыць ірляндзкай кампаніі

Позна ўвечары ў чацьвер брытанскія ўлады перавезьлі целы ахвяраў — 31 мужчыну і восем жанчын — у бальнічны морг зь месца ў доках непадалёк ад прамысловай зоны ў Грэйс, дзе была знойдзена фура з целамі.

Эскспэрты працуюць над тым каб вызначыць прычыны сьмерці і асобы памерлых. Паводле брытанскай паліцыі, ахвярамі, верагодна, былі кітайцы. Амбасада Кітаю ў Лёндане заявіла, што адправіла людзей на месца здарэньня. Прадстаўніца МЗС Кітаю Хуа Чунін сказала, што паліцыя яшчэ не змагла праверыць грамадзянства ахвяраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 39 загінулых у фуры ў ангельскім Эсэксе — грамадзяне Кітаю

«Мы спадзяемся, што брытанскі бок зможа як мага хутчэй пацьвердзіць і праверыць асобы ахвяр, высьветліць, што адбылося, і сурова пакараць злачынцаў, якія маюць дачыненьне да гэтай справы», — сказала яна на штодзённым брыфінгу.

Кітайская газэта Global Times, якая належыць кіруючай Камуністычнай партыі, у пятнічным рэдакцыйным артыкуле заявіла, што Брытанія павінна несьці пэўную адказнасьць за сьмерць.

«Відавочна, што Вялікабрытанія і адпаведныя эўрапейскія краіны ня выканалі свой абавязак па абароне гэтых людзей ад такой сьмерці», — гаворыцца ў выданьні.

Грузавік з 39 целамі паліцыя графства Эсэкс выявіла ноччу 23 кастрычніка за 30 кілямэтраў на ўсход ад Лёндану.