Лукашэнка: «Расея — гэта больш, чым краіна. Гэта ідэалёгія, і яе зь мяне ня выбіць»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заклікаў расейцаў «не глядзець на беларусаў як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся сьпінай да Расеі», падкрэсьліўшы, што Расея для яго —​ «гэта ідэалёгія», піша БелаПАН.

«Я вельмі часта кажу: калі нехта ў Расеі думае, што гэта іхная Расея, яны памыляюцца. Гэта і наша Расея! Да гэтага трэба прывыкаць. Расея — гэта больш, чым краіна. Для Беларусі тым больш. Гэта ідэалёгія, і яе зь мяне ня выбіць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Ён заклікаў расейцаў не глядзець на беларусаў як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся сьпінай да Расеі.

«Гэтага ніколі не было і ня будзе. Нас асабліва там (у Заходняй Эўропе) не чакаюць, таму што перашкодай гэтаму зьяўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, перашкодай гэтаму зьяўляецца эканоміка», — дадаў ён.

Паводле Лукашэнкі, хоць у Беларусі вырабляюцца тавары, аналягічныя тым, што робяць у Эўразьвязе, але «на рынак нас туды ніхто не пускаў і ня пусьціць, «хоць у нас прадукцыя (яны гэта прызнаюць) значна лепшая ў многіх парамэтрах, чым іхная».

«Якая тады аснова супрацоўніцтва з Эўразьвязам?» — сказаў Лукашэнка. Ён адзначыў, што «падобныя праблемы зьявіліся і ў гандлі з Расеяй, але яны носяць часовы характар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: у 2008 годзе амэрыканскіх дыпляматаў выгналі зь Беларусі за «ўмяшаньне ў выбары»