Лідэр Паўночнай Карэі заехаў на белым кані на сьвятую гару. Аналітыкі патлумачылі, навошта

Кім Чэн Ын

Дарадцы Кім Чэн Ына перакананыя, што лідэр Паўночнай Карэі плянуе «вялікую апэрацыю», — паведамляюць паўночнакарэйскія СМІ ў артыкулах са здымкам Кіма на кані, перадае Reuters.

На фатаздымках, апублікаваных паўночнакарэйскім агенцтвам KCNA, Кім на белым кані заяжджае на гару Пэксту-сан, найвышэйшы пункт Паўночнай Карэі, якую жыхары краіны лічаць сьвятой гарой. «Яго ўезд на кані на Пэкту-сан — гэта падзея, якая мае вялікую вагу ў гісторыі карэйскай рэвалюцыі», — паведамляе KCNA.

«Перажыўшы цудоўныя імгненьні падчас разваг [Кіма] на Пэкту-сан, усе чыноўнікі, якія яго суправаджаюць, перакананыя (...), што будзе вялікая апэрацыя, якая зьдзівіць і ўзрадуе сьвет і зробіць крок наперад на шляху карэйскай рэвалюцыі», — піша агенцтва.

Не зразумела, пра якую апэрацыю ідзе гаворка, зазначае Reuters. Кім Чэн Ын у мінулым часта ўяжджаў на сьвятую гару падчас рэалізацыі вялікіх палітычных ініцыятыў.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што ўезд на сьвятую гару сымбалізуе супраціў Паўночнай Карэі супраць міжнародных санкцыяў і ціску на краіну, каб яна адмовілася ад ядзернай праграмы і разьвіцьця балістычных ракет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася відэа, як Пуцін зьбірае грыбы і шышкі ў Сібіры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны зьбіраюць кавуны з Лукашэнкам. Ці не было парушана працоўнае заканадаўства?