Кіроўная кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» зь вялікім адрывам лідзіруе на выбарах у Польшчы. Паводле экзіт-полаў, яна набірае 43,6%, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Грамадзянская плятформа» — 27,4%, «Лявіца» — 11,9%, Польская сялянская партыя + Кукіз — 9,6%, «Канфэдэрацыя» лібэртарыянцаў, нацыяналістаў і эўраскептыкаў — 6,4%.
Яўка склала 61%.
Палякі выбіраюць 460 дэпутатаў і 100 сэнатараў. Гэтыя выбары многія экспэрты ўнутры краіны называюць найважнейшымі ад 1989 году, калі Польшча зрынула камунізм.
Радыкальныя ацэнкі выбараў зьвязаныя з палярызацыяй палітычных настрояў у Польшчы. Кіроўную кансэрватыўную партыю «Права і Справядлівасьць» (ПіС) апанэнты абвінавачваюць у парушэньні Канстытуцыі, спробе падпарадкаваць сабе суды, празьмернай сацыяльнай палітыцы, якая, на іх думку, кепска адбіваецца на бюджэце і вядзе да кансэрвацыі краіны ў рэлігійна-патрыятычным сьветапоглядзе.
Кансэрватары пры ўладзе ды іхныя прыхільнікі на гэта адказваюць, што рэалізуюць праграму, зь якой перамаглі на папярэдніх выбарах. Для пацьвярджэньня сваёй рацыі прыводзяць высокі рэйтынг партыі ў апытаньнях (звыш 40%), вялікі эканамічны рост і рэкордна нізкае за гады незалежнасьці беспрацоўе (5%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Найважнейшыя выбары за 30 гадоў». Што польскія палітыкі абяцаюць сваім выбарнікам