На Японію абрынуўся моцны тайфун: ужо 25 загінулых, каля сотні параненых

Тайфун «Хагібіс» у Токіё

Колькасьць ахвяраў тайфуну «Хагібіс», які абрынуўся на Японію, дасягнула 25 чалавек, яшчэ 15 лічацца зьніклымі бязь вестак. Пра гэта 13 кастрычніка паведамляе агенцтва Kyodo.

Каля 100 чалавек атрымалі раненьні па ўсёй Японіі, паводле падлікаў Kyodo News, заснаваных на інфармацыі, прадстаўленай ратавальнікамі і ўладамі.

У краіне працягваюцца пошукава-выратавальныя апэрацыі і праца па ліквідацыі наступстваў тайфуну. Міністэрства абароны мабілізавала каля за 27 000 вайскоўцаў Сіл самаабароны для правядзеньня выратавальных апэрацый. Ратавальнікі эвакуююць людзей пры дапамозе верталётаў і гумовых лодак.

Сталічныя аэрапорты пасьля суботняга перапынку аднавілі сваю працу, аднак чыгуначныя зносіны, уключаючы рух цягнікоў у Токіё, па-ранейшаму абмежаваныя.

Тайфун «Хагібіс», наймацнейшы з 1958 году, ударыў па Японіі ў суботу 12 кастрычніка. Мясцовыя ўлады абвясьцілі максымальны ўзровень небясьпекі ў 12 прэфэктурах цэнтральнай часткі краіны, у тым ліку Токіё, і заклікалі каля 7,3 мільёна чалавек пакінуць свае дамы.