На выходных праезд у грамадзкім транспарце польскага гораду Ўроцлаў будзе бясплатны для ўсіх тых пасажыраў, хто мае пры сабе кнігу Вольгі Такарчук, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры. Аб гэтым павядамляе брытанская газэта The Guardian.
«Як толькі мы ў чацьвер пачулі, што Вольга Такарчук атрымала Нобэлеўскую прэмію, мы захацелі падзяліцца радасьцю з жыхарамі нашага гораду ў якім нядаўна пісьменьніцу зрабілі ганаровай грамадзянкай гораду» — заявіў прэс-сакратар гарадзкой мэрыі Пшэмыслаў Галэцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымалі полька і аўстрыец«Да нядзелі кожны пасажыр, які нясе з сабою кнігу або электронную кнігу Вольгі Такарчук, зможа бясплатна езьдзіць на грамадзкім транспарце нашага гораду»
Вольга Такарчук — польская пісьменьніца. Нарадзілася ў 1962 годзе. Па адукацыі псыхатэрапэўтка. За творчы дэбют — раман «Падарожжа людзей кнігі» (1993) — атрымала ўзнагароду Польскага таварыства выдаўцоў.
Двухразовая ляўрэатка найвышэйшай польскай літаратурнай прэміі «Ніке» — за раманы «Бегуны» і «Кнігі Якуба». А нядаўна за кнігу «Бегуны» (у англамоўным перакладзе «Flights») польская пісьменьніца атрымала прэстыжную міжнародную ўзнагароду «Букер» (The Man Booker Prize).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Такарчук захапіла мяне. Беларускае падарожжа з нобэлеўскай ляўрэаткайБеларускаму чытачу Вольга Такарчук вядомая дзякуючы раману «Правек ды іншыя часы», які выйшаў у перакладзе Марыны Шоды ў 2010-м. Марына Шода пераклала і яшчэ адну кнігу Вольгі Такарчук — «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці прабачаць палякі сваёй набэлістцы. Максімюк пра Вольгу Такарчук