Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Такарчук захапіла мяне. Беларускае падарожжа з нобэлеўскай ляўрэаткай


Марына Шода, фота Юлі Цімафеевай

У нобэлеўскай ляўрэаткі Вольгі Такарчук па-беларуску выходзілі дзьве кнігі «Правек ды іншыя часы» і «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых». Перакладчыца Марына Шода піша пра тое, як трапіла ў поле прыцягненьня польскай пісьменьніцы.

Дваццаць год таму, прыехаўшы ва Ўроцлаў у летнюю моўную школу для іншаземцаў, мы зь сяброўкай спыталі ў выкладчыцы, пані Дамброўскай, каго б з сучасных польскіх аўтараў яна параіла пачытаць. Тая, не раздумваючы, назвала імя Вольгі Такарчук.

Скінуўшыся — канец 90-х, бедныя-гаротныя — мы набылі «Правек і іншыя часы». І ўсё — мяне захапіла. Яшчэ слаба ведаючы польскую, я чытала запоем, калі толькі мела вольны час. Яшчэ не пераклаўшы ніводнай старонкі ні зь якой мовы і ніякага аўтара, нават ня думаючы пра перакладчыцкую кар’еру, я марыла, як буду перакладаць гэтую кнігу, бо вельмі хацелася, каб яе прачыталі ўсе сябры.

Гэта раман, які лічыцца вяршыняй польскай мітатворчай прозы і польскім варыянтам магічнага рэалізму (хоць сама Вольга ня любіць, калі яе Правек параўноўваюць з Маконда). Правек — гэта маленькая польская вёска, і раман складзены з жыцьцяпісаў яе жыхароў. Ненавязьліва з маленькіх навэлаў нараджаецца вобраз драматычнай польскай гісторыі ХХ стагодзьдзя.

Раман падзяляецца не на разьдзелы, а на «часы»: час Міхала, час Місі, час Злога чалавека, час Місінага анёла, час дома, час кававага млынка і г. д. Такая сабе адсылка да «Эклезіяста»: «Усё мае свой час, і час кожнае рэчы — пад небам». Правек — адначасова пэрыфэрыя цывілізаванага сьвету і яго сакральны цэнтар. Час, які цячэ празь яго, адначасова міталягічны парадыгматычны час першападзеяў і рэальны — сусьветныя войны, Галакост, калектывізацыя, сацыялізм.

Апісанае ў рамане магло б адбывацца ў любой беларускай вёсачцы, бо любая зь іх гэтаксама замкнутая ў межах поўначы-поўдня-ўсходу-захаду і гэтаксама прапускала празь сябе падзеі сусьветнай гісторыі.

Зачараванасьць межамі і падарожжамі Вольга Такарчук называе адным з сваім самых галоўных захапленьняў. Слова «межы», ключавое ў фармулёўцы Нобэлеўскага камітэту — як ніводнае іншае выразна вызначае спэцыфіку творчасьці Вольгі Такарчук, якая заўсёды на мяжы.

На мяжы жанру, напрыклад, яе «Ана Ін у магільнях сьвету» — пераказ шумэра-акадзкага міфу ў кібэрпанкаўскім стылі, або экалягічны трылер «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых», або дасьледаваньне фэномэну падарожжа і вандроўнікаў — «Бегуны». Яе героі заўсёды перакрочваюць межы або імкнуцца гэта зрабіць — выйсьці за межы Правеку, перасячы мяжу паміж Польшчай і Чэхіяй (некалькі разоў, падчас прагулянкі, каб адчуць свабоду, якой не чакалася ў 80-я) або паміж сьвятлом і цемрай «Дзённага і начнога дамоў», выйсьці за межы цела і розуму, культуры і рэлігіі. Нездарма яе opus magnum «Якубавы кнігі» мае падзагаловак «Доўгае падарожжа празь сем межаў, пяць моваў і тры вялікія рэлігіі, ня лічачы невялікіх».

Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

У якасьці спэцыфічнага пастскрыптуму — пару словаў пра фрызуру нобэлеўскай ляўрэаткі. Гэта ня проста даніна модзе ці растаманству («чо там у яе на галаве тырчыць?» зачапілася вока за адзін з фэйсбучных камэнтароў). Яна любіць тлумачыць, што прыдумка дрэдаў не належыць выключна афрыканцам ды растаманам і спасылаецца на такую зьяву, як «калтун», які ў Эўропе называўся па-лацінску «plica polonica» і асацыяваўся з Польшчай («Але мы ж ведаем...», хочацца тут па-змоўніцку падміргнуць). Пра містычную моц калтуна кажацца ў яе нядаўнім апавяданьні «Зялёныя дзеці», дзеяньне якога адбываецца на Палесьсі, «па дарозе зь Літвы да Львова».

І пастпастскрыптум. Польская пісьменьніца трохі маладзейшага за Такарчук пакаленьня Кінга Дунін неяк напісала, што «ўважлівае чытаньне твораў Вольгі Такарчук — гэта па сутнасьці радыкальны праект перабудовы нашай грамадзкай самасьвядомасьці». Нобэлеўскі камітэт, уручыўшы прэмію, даў шанец на перабудову самасьвядомасьці ўсёй Эўропе і ўсяму сьвету. Не застанемся ж у баку ад сусьветных працэсаў.

Марына Шода


«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG