«Пра лёс Шаройкі пытайцеся ў прэзыдэнта». КДБ і МУС адмовіліся камэнтаваць справу ўкраінскага «шпіёна»

Украінскі журналіст Паўло Шаройка

Беларус Юры Палітыка, якога падазравалі ў шпіёнскай дзейнасьці ва Ўкраіне на карысьць Беларусі, быў вызвалены 3 кастрычніка.

Ці будзе ў адказ вызвалены зь беларускай вязьніцы ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка, які адбывае 8 гадоў зьняволеньня паводле прысуду за шпіёнскую дзейнасьць у Беларусі? Ад траўня 2018 году Шаройка знаходзіўся ў бабруйскай калёніі № 2 — ці ён яшчэ там?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага «шпіёна» за дзень да сустрэчы Лукашэнкі і Зяленскага вызвалілі з-пад варты

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС адмовіліся адказаць на гэтыя пытаньні праз тэлефон і параілі накіраваць пісьмовы запыт.

Нічога не дадалі да зьвестак пра знаходжаньне Паўла Шаройкі ў гэты момант і ў КДБ Беларусі, супрацоўнікі якога ў кастрычніку 2017 году затрымалі журналіста ў Менску.

«Пытаньне памілаваньня знаходзіцца ў кампэтэнцыі прэзыдэнта, гэта не пытаньне КДБ», — адказалі ў прэсавай службе спэцслужбы.

Тэлефон прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант не адказвае.

У Бабруйскай калёніі адмовіліся паведаміць, ці яшчэ знаходзіцца ў іх Шаройка, і параілі пісаць пісьмовы зварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскага журналіста перавялі зь СІЗА КДБ у бабруйскую калёнію № 2

Вядома, што Паўло Шаройка яшчэ некалькі месяцаў таму зьвярнуўся з заявай аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная заява дагэтуль знаходзіцца ў камісіі ў пытаньнях памілаваньня пры прэзыдэнце, яму дагэтуль не адказалі, але і не адмовілі.

Як даведалася Свабода, жонцы Паўла Шаройкі Алене ўчора, 3 кастрычніка, паведамілі пра вызваленьне Юрыя Палітыкі, і яна чакае, што неўзабаве памілуюць і яе мужа. Ад камэнтароў журналістам Алена Шаройка пакуль адмаўляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан здароўя журналіста Шаройкі ў турме КДБ рэзка пагоршыўся, — Тымчук

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка быў затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы». У ягоным тэлефоне знайшлі зьвесткі аб разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе ды іншыя сакрэтныя зьвесткі вайсковага характару. Суд у Чарнігаве пачаў разглядаць справу па сутнасьці ў красавіку 2019 году.

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны для збору сакрэтнай інфармацыі ў ваенна-палітычнай сфэры. 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў украінскага журналіста на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.