Кіраўнік Белага дому заявіў у «Твітэры» пра «здраду» кангрэсмэна, які ўзначальвае расьсьледаваньне аб імпічмэнце.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак зноў выступіў з крытыкай на адрас кангрэсмэна Адама Шыфа, які ўзначальвае расьсьледаваньне аб імпічмэнце ў дачыненьні да яго, і прапанаваў арыштаваць яго за «здраду».
Падчас тэлефоннай размовы ў ліпені з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Трамп папрасіў украінскага лідэра правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да палітычнага суперніка Трампа — Джо Байдэна — і яго сына Гантэра.
Пра гэтую размову ішла гаворка ў скарзе супрацоўніка выведкі, якая выклікала засьцярогі, што прэзыдэнт спрабаваў выкарыстаць выдзеленую для Ўкраіны ваенную дапамогу ў якасьці рычага ціску з мэтай атрыманьня палітычнай паслугі.
Rep. Adam Schiff illegally made up a FAKE & terrible statement, pretended it to be mine as the most important part of my call to the Ukrainian President, and read it aloud to Congress and the American people. It bore NO relationship to what I said on the call. Arrest for Treason?
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) September 30, 2019
«Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Адам Шыф незаконна зрабіў ілжывую і жудасную заяву і падаў справу так, быццам бы яна належала мне і была самай важнай часткай маёй размовы з прэзыдэнтам Украіны, і зачытаў яе ўголас Кангрэсу і амэрыканскаму народу. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да таго, што я сказаў у той гутарцы. Арышт за здраду?» — напісаў Трамп ў Твітэры.
Мяркуючы з усяго, Трамп меў на ўвазе словы Шыфа падчас слуханьня ў Камітэце па выведцы Палаты прадстаўнікоў, якім кіруе гэты кангрэсмэн. У сваім выступе Шыф у парадыйным ключы пераказаў словы Трампа з размовы зь Зяленскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША мае намер дамагацца расшыфроўкі перамоваў Трампа і ПуцінаПрэзыдэнт пачаў усё часьцей выступаць з крытыкай на адрас палітычных апанэнтаў з тых часоў, як у мінулы аўторак дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў абвясьцілі аб пачатку расьсьледаваньня аб імпічмэнце.
Ён параўнаў са шпіёнамі супрацоўніка выведкі, які падаў скаргу, і прадстаўнікоў Белага дому, якія далі яму інфармацыю, і выказаў здагадку, што яны ўчынілі дзяржаўную здраду.
Генэральны інспэктар упраўленьня дырэктара Нацыянальнай выведкі палічыў скаргу праўдзівай i неадкладнай, а адзін зь лідэраў амэрыканскай выведкі сказаў, што інфарматар дзейнічаў з добрых памкненьняў.