Лукашэнка: адносна беларускай мовы «асабліва ня парымся»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На сустрэчы з журналістамі ўкраінскіх СМІ 26 верасьня Аляксандра Лукашэнку спыталі пра беларускую мову: ці не здаецца яму, што ў краіне аддаецца перавага расейскай?

Украінскі журналіст адзначыў, што нават на дзяржаўных установах надпісы часьцей робяцца на расейскай, а не на беларускай мове, піша БелТА.

«Я пабойваюся палітызаваць і ўзводзіць у абсалют гэтае пытаньне», — адказаў Лукашэнка.

Ён спаслаўся на афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму 1995 году — расейская мова тады набыла роўны статус зь беларускай.

«Мы з гэтай нагоды асабліва ня парымся і ня бачым вялікай насьцярожанасьці, — дадаў ён. — Ня хочам зрабіць яблыкам разладу расейскую мову».

Ён нагадаў, што калі дзяржаўнай сымболікай была нацыянальная (бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня»), то ён выкарыстоўваў яе на прэзыдэнцкім аўто — «гэта быў закон, і я яго выконваў».

«Што тычыцца тэндэнцыі — так, мы больш размаўляем на расейскай, чым на беларускай, — дадаў ён, адзначыўшы, што ня бачыць у гэтым праблемы, бо беларускую мову ведаюць «практычна ўсе», і за апошні час рабілася нямала для яе папулярызацыі. — Ня трэба ламаць насельніцтва і прымушаць размаўляць на той мове, на якой улада хацела б, нават калі гэта чымсьці абгрунтавана. На гэта патрэбны час. І ісьці трэба вельмі акуратна і спакойна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мова вытрымала найгоршы час пасьля рэфэрэндуму 1995 году і выжыла
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы сувэрэнныя ня менш за Ўкраіну». Лукашэнка пра Зяленскага, Януковіча, Крым і транзыт улады. ЦЫТАТЫ