Квіткі на гульню «Дынама-Брэст» з БАТЭ раскупілі за 4 гадзіны. Фотарэпартаж з «галоўнага матчу году» ў Берасьці

Зь лікам 1:1 скончыўся ўчора матч паміж «Дынама-Брэст» і БАТЭ. Гэтую гульню называюць «галоўным матчам году». І хоць да канца чэмпіянату Беларусі па футболе яшчэ больш як два месяцы, але менавіта гэтую гульню лічаць ледзь не «залатым матчам». Гэта рэдкая гульня беларускага чэмпіянату, квіткі на якую раскупілі загадзя. Больш як 10 тысяч квіткоў былі прададзеныя за тыдзень да гульні ў Берасьці.

Такога ажыятажу вакол футбольных матчаў не бывае нават падчас эўракубкаў. Калі ў Беларусь прыяжджаюць замежныя каманды, часьцей за ўсё квіткі на стадыён можна купіць нават у дзень матчу. Але той факт, што на 10-тысячны стадыён «Брэсцкі» ўсе квіткі былі прададзеныя ўсяго за 4 гадзіны яшчэ за тыдзень да матчу, даў падставу называць гульню паміж «Дынама-Брэст» і БАТЭ новым беларусікім эль-клясыка.​

Інтрыга вакол гульні ў тым, што БАТЭ нязьменна выйграваў чэмпіянат Беларусі пачынаючы з 2006 году. А «Дынама-Брэст» заставалася сярэдняй беларускай камандай, найлепшым дасягненьнем якой было трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны ў 1992 годзе.

Але ўсё зьмянілася з прыходам у Берасьце ў 2016 годзе інвэстараў. За тры гады «Дынама-Брэст» дарасло да галоўнага канкурэнта БАТЭ.

Першы і адзіны гол у браму БАТЭ забіў Міхаіл Гардзейчук на 48-й хвіліне

Ужо праз 5 хвілін БАТЭ адыгралася. Станіслаў Драгун забіў на 53-й хвіліне

53-ю хвіліну ў матчах БАТЭ называюць Капскі-time - у гонар заснавальніка і кіраўніка БАТЭ Анатоля Капскага, які памёр летась на 53 годзе жыцьця

На стадыёне "Брэсцкі" былі поўныя трыбуны, нягледзячы на дождж

У канцы напружанага матчу ледзь не дайшло да бойкі. Супакойваць футабалістаў прыбеглі нават бакавыя арбітры