Без выходных, пад дажджом. Як віцебскіх студэнтаў прымусілі зьбіраць яблыкі

Ілюстрацыйнае фота

Паўтары сотні студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава адправілі ў Талачынскі раён зьбіраць яблыкі для мясцовага кансэрвавага заводу, расказвае тэлеканал «Белсат». Іх забралі ад галоўнага корпуса на шасьці аўтобусах.

Студэнты расказваюць: «Сказалі аб правілах бясьпекі, мы расьпісаліся, запоўнілі дакумэнты — і ўсё, чакаем адпраўкі».

На ўмовах ананімнасьці студэнтка, якая вярнулася зь сельгасработ, расказала «Вясне», што працаваць даводзілася нават у дождж, а харчаваньне было кепскае.

«Без выходных мы працавалі. У суботу нам скарацілі час. Звычайна наш працоўны дзень быў да 17.30, пасьля мы ехалі ў сталоўку. Нам скарачалі ў суботу да 16.30 працоўны дзень, а ў нядзелю да 14.00», — падзялілася дзяўчына.

Навучальныя ўстановы камэнтаваць адпраўку студэнтаў на сельгасработы адмовіліся і перанакіроўвалі пытаньні да БРСМ, які арганізуе працэс. Кіраўнікі гарадзкога і рэспубліканскага аддзелаў БРСМ цягам дня былі недасяжныя.

Студэнт аднаго зь віцебскіх каледжаў сказаў, як рабіў усё магчымае, каб сёлета на сельгасработы ня ехаць. Паводле яго, летась умовы працы былі кепскія, работнікам ня выдалі спэцформы, а празь недахоп ежы за тры тыдні хлопец схуднеў на 4 кіляграмы. Заробак за працу склаў каля 20 рублёў, зь якіх вылічылі плату за інтэрнат.

«Мы абураліся толькі між сабой. Калі штосьці не падабалася, то казалі ісьці да дырэктара, а да дырэктара ніхто так проста ня пойдзе і, хутчэй за ўсё, гэта нічога не дасьць», — кажа хлопец.

Леанід Сьвецік

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік сьцьвярджае, што прыцягваць студэнтаў падчас вучобы да сельгасработ незаконна, бо гэта прымусовая праца. Але студэнтам іхных правоў ніхто не тлумачыць.

«Дзейны Кодэкс аб адукацыі прама забараняе выкарыстаньне навучэнцаў і студэнтаў на работах або аказаньні нейкіх паслуг. Гэта сапраўды незаконна, але студэнты на гэта пагаджаюцца, бо яны ня ведаюць сваіх правоў ці проста баяцца казаць „не“ адміністрацыі навучальных установаў», — тлумачыць Сьвецік.

Заканадаўства дазваляе прыцягваць на працу студэнтаў і навучэнцаў толькі ў выпадку, калі гэта адпавядае спэцыяльнасці, якой яны вучацца, і прадугледжана навучальным плянам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх вайскоўцаў накіравалі на «бітву за ўраджай»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аграспэцназ»: у беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной