Японскія авіякампаніі адмянілі 412 рэйсаў з-за тайфуну «Тапа», які набліжаецца да паўднёва-заходняй выспы Кюсю, паведамляе мясцовы тэлеканал NHK.
Таксама парушаны рух чыгуначнага транспарту. Больш за 5 тысяч дамоў у прэфэктуры Міядзакі засталіся без сьвятла з-за абрываў ліній электраперадачы. На працягу дня на паўднёвым захадзе Японіі можа выпасьці ад 300 да 350 мм ападкаў, мясцовыя ўлады папярэджваюць аб небясьпецы сходу апоўзьняў у горных раёнах Кюсю.
Паводле прагнозаў сыноптыкаў, трапічны шторм дасягне Кюсю сёньня ўвечары.
«Тапа» стаў 17-м тайфунам, якія сфармаваліся ў гэтым годзе ў Ціхім акіяне. Цяпер хуткасьць ветру ў яго цэнтральнай частцы дасягае 35 мэтраў у сэкунду, а парываў — да 50. У выніку тайфуна «Факсай» у пачатку верасьня ў Японіі загінулі тры чалавекі, больш за 60 пацярпелі.