Прадстаўнікі Пуціна і Лукашэнкі пракамэнтавалі публікацыю «Коммерсанта» пра канфэдэрацыю Беларусі і Расеі

Натальля Эйсмант, прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі

Плян інтэграцыі Расеі і Беларусі павінен быць прадстаўлены лідэрам дзьвюх краін да канца году, цытуе агенцтва ТАСС прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова.

Дзьмітрый Пяскоў удакладніў, што інфармацыя аб праграме эканамічнай інтэграцыі носіць папярэдні характар, а канкрэтнай дамоўленасьці наконт даты пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Здача сувэрэнітэту або чарговы этап размоваў пра інтэграцыю? Два погляды на публікацыю «Коммерсанта»

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант патлумачыла «Нашай Ніве», што «праграма стане праграмай толькі тады, калі яе падпішуць прэзыдэнты і яна будзе прынята на вышэйшым Дзяржсавеце ў сьнежні — зноў жа, калі бакі будуць да гэтага гатовыя».

Эйсмант падкрэсьліла, што дамовы не пашкодзяць незалежнасьці Беларусі.

«Гэта сьвятое! Чырвоныя сьцяжкі — гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць кожнай з краін. У інтэграцыйных працэсах мы ідзём на тыя крокі, якія эканамічна мэтазгодныя. Ніякіх сумесных органаў не ствараецца — да гэтага краіны не гатовыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пішуць «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе «палітычная залежнасьць»

«Усе гучныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў прыведзеным артыкуле, — канфэдэрацыя, фэдэрацыя і г. д. — мы б прапанавалі ацэньваць як пустыя журналісцкія штампы», — выказалася Натальля Эйсмант пра публікацыю «Коммерсанта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра падатковы манэўр: «Ня будзем на каленях поўзаць перад старэйшым братам»