CNN: ЗША таемна вывезьлі з Расеі чыноўніка-выведніка

Амэрыканскі сьцяг на будынку пасольства ЗША ў Маскве

Злучаныя Штаты ў 2017 годзе таемна вывезьлі з Расеі аднаго са сваіх важных інфарматараў, які працаваў у апараце расейскага ўраду, паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на некалькі крыніц у адміністрацыі Дональда Трампа.

Паводле адной з крыніц, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў прыняцьці рашэньня, эвакуацыя інфарматара з Расеі была «часткова зьвязана» з няўпэўненасьцю ў прафэсіяналізьме атачэньня Трампа пры працы з сакрэтнымі матэрыяламі. CNN сьцьвярджае, што падставай для рашэньня былі неаднаразовыя промахі ў працы з сакрэтнымі дадзенымі і, у выніку, рызыка выкрыцьця амэрыканскага выведніка ў расейскіх калідорах улады.

Прадстаўніца дзяржсакратара ЗША ад камэнтароў адмовілася. Прэс-сакратар Белага дома Стэфані Грышам заявіла: «Публікацыя CNN ня толькі памылковая, яна можа стаць патэнцыйнай пагрозай жыцьцю людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыка для беларусаў: «Зіхоткі горад на пагорку» ці «горад д’ябла»