На цырымоніі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб стварэньні Касьмічнага камандаваньня Пэнтагону, мэта якога — нэўтралізацыя пагрозы ў космасе.
Паводле Трампа, новае «камандаваньне дапаможа абараніць жыцьцёвыя інтарэсы ЗША ў космасе, які стане наступным полем бою, што, як мне здаецца, ясна ўсім». Гэта адказ амэрыканскай адміністрацыі на рост вайсковага патэнцыялу Расеі і Кітаю ў космасе. Кітай прадэманстраваў, што можа зьнішчаць спадарожнікі ракетамі, а Расея паведаміла, што мае намер стварыць сыстэму лязэрнай зброі для выкарыстаньня ў космасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Робат Фёдар усё ж трапіць на МКС: карабель прыстыкавалі з другой спробыУ чэрвені Сэнат зацьвердзіў начальніка Касьмічнага камандаваньня — генэрала ВПС Джона Рэйманда. Рэйманд заявіў, што абарона амэрыканскіх аб’ектаў у космасе, уключаючы спадарожнікі, сродкі супрацьракетнай абароны і сродкі сувязі, будзе прыярытэтнай задачай новага камандаваньня.
Касьмічнае камандаваньне ЗША існавала з 1985 па 2002 гады — вынік намаганьняў адміністрацыі Рональда Рэйгана і яго «стратэгічнай абарончай ініцыятывы». Аднак пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году ўпраўленьне было скасаванае, паколькі ЗША засяродзіліся на барацьбе з радыкальным тэрарызмам.
Белы дом усё яшчэ спрабуе пераканаць Кангрэс стварыць Касьмічныя сілы, якія стануць шостым родам войскаў ЗША і першым новым ад 1947 году, калі былі сфармаваныя ВПС. Як і Палата прадстаўнікоў, так і Сэнат уключылі ў бюджэт Пэнтагону палажэньне аб стварэньні касьмічных сіл, аднак праекты ніжняй і верхняй палат Кангрэсу адрозьніваюцца па некаторых ключавых дэталях, у прыватнасьці — аб структуры гэтых сіл, піша выданьне The Washington Post.
Зараз касьмічнае камандаваньне налічвае 287 вайскоўцаў, генэрал Рэйманд сказаў, што ўсё яшчэ вырашаецца пытаньне, дзе разьмясьціць штаб-кватэру камандаваньня.