На помнік заснавальніку агенцтва БелаПАН сабралі 81% неабходнай сумы. Краўдфандынг працягваецца

Алесь Ліпай падчас сьвяткаваньня 100 год Беларускай Народнай Рэспублікі, 25 сакавіка 2018

На помнік заснавальніку і былому кіраўніку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і першаму беларускаму карэспандэнту Радыё Свабода сабралі каля 8 тысяч рублёў зь неабходных 10 тысяч

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году.

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Памёр пасьля цяжкой хваробы 23 жніўня 2018 году ва ўзросьце 52 гадоў.

Сродкі на помнік зьбіраюць на краўдфандынгавай плятформе «Улей». Калі неабходную суму не зьбяруць да 23 жніўня — грошы вярнуцца ахвярадаўцам. Мінімальная сума ахвяраваньня — 10 рублёў, максымальная — 100 рублёў.

Помнік зьбіраюцца ўсталяваць на магіле Алеся Ліпая ў гарадзкім пасёлку Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласьці) да першай гадавіны ягонай сьмерці, 23 жніўня 2019 году. Рабіць помнік будзе скульптар Вадзім Мацкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелаПАН для Алеся Ліпая быў сям’ёй і жыцьцём