Аляксандар Лукашэнка 29 ліпеня прызначыў старшынём Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя. Крэсла было вакантным з красавіка.
- Новы кіраўнік Гомельшыны нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Тупалы, што ў Наваградзкім раёне Горадзенскай вобласьці.
- У 1988 годзе скончыў сельскагаспадарчую акадэмію, пазьней адвучыўся ў Акадэміі кіраваньня.
- Пачынаў працаваць у розных сельскагаспадарчых арганізацыях Нясьвіскага раёну, ад 1992 году працаваў у сельскагаспадарчым каапэратыве «Лань», дзе ў 2011 годзе падняўся да пасады дырэктара.
- Ад 2012 году працаваў у Нясьвіскім райвыканкаме, узначальваў Клецкі райвыканкам.
- Быў першым намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму.
Папярэдні старшыня Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік займаў пасаду ад 2010 году да красавіка 2019-га, пакуль ня быў прызначаны намесьнікам прэм’ер-міністра — ён заняў месца Міхаіла Русага, якога Лукашэнка пасьля «разносу ў кароўніку» перавёў на пасаду памочніка прэзыдэнта і інспэктара па Магілёўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі за «Асьвенцім у кароўніку» завялі 15 крымінальных спраўТаксама 29 ліпеня Лукашэнка прызначыў:
- памочнікам прэзыдэнта і інспэктарам па Віцебскай вобласьці — Анатоля Ліневіча, які раней быў старшынём Капыльскага райвыканкаму;
- першым намесьнікам міністра сувязі — Сяргея Несьцяровіча, які раней быў дырэктарам дэпартамэнту інфармацыйных тэхналёгіяў Эўразійскай эканамічнай камісіі;
- намесьнікам міністра адукацыі — Аляксандра Кадлубая, які раней быў начальнікам упраўленьня адукацыі Лідзкага райвыканкаму;
- дырэктарам Беларускага мэталюргічнага заводу — Дзьмітрыя Корчыка, які раней быў намесьнікам міністра прамысловасьці;
- дырэктарам Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы — Аляксандра Асмалоўскага, які раней быў начальнікам Галоўнага упраўленьня абслугоўваньня дыпляматычнага корпусу ва Ўпраўленьні справамі прэзыдэнта;
- намесьнікам начальніка Беларускай чыгункі — Андрэя Якабсана, які да таго быў начальнікам Гомельскага лякаматыўнага дэпо;
- старшыняў Асіповіцкага, Валожынскага, Глыбоцкага, Горацкага, Жыткавіцкага, Капыльскага, Кармянскага, Кіраўскага, Круглянскага, Любанскага, Слаўгарадзкага і Шумілінскага райвыканкамаў.