Былога галоўнага інжынэра «Бабушкінай крынкі» асудзілі на 10 гадоў за крадзяжы

Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва вынес прысуд па крымінальнай справе супраць былога галоўнага інжынэра ААТ «Бабушкіна крынка» і дваіх заснавальнікаў іншых юрыдычных асоб, піша БелТА.

Фігуранты завалодалі грашыма «Бабушкінай крынкі» больш як на 417 тысяч рублёў.

Былога галоўнага інжынэра асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго знаёмага — на 7 гадоў, жонку — на 6 гадоў пазбаўленьня волі. Усіх асуджаных пазбавілі права займаць пэўныя пасады.

Паводле суду, галоўны інжынэр, жадаючы незаконна ўзбагаціцца за кошт прадпрыемства, дзейнічаў у складзе арганізаванай злачыннай групы са сваім знаёмым і жонкай з кастрычніка 2013 па люты 2017 году. Тыя былі заснавальнікамі і кіраўнікамі падкантрольных субʼектаў гаспадараньня, зарэгістраваных выключна каб зьдзейсьніць злачынства. Абвінавачаныя пастаўлялі ў ААТ разнастайныя тавары па цэнах, неабгрунтавана завышаных адносна цэнаў добрасумленных пастаўшчыкоў.