Румынія заблякавала транзыт танкаў з Расеі ў Сэрбію з прычыны санкцыяў

Вучэньні NATO на Дунаі, Румынія

Румынія заблякавала транспартаваньне расейскай вайсковай тэхнікі ў Сэрбію праз сваю тэрыторыю, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Associated Press са спасылкай на румынскае Міністэрства замежных справаў.

Паводле паведамленьня міністэрства, румынскі ўрад не дазволіў правезьці праз свой участак Дунаю груз з расейскімі танкамі і іншай вайсковай тэхнікай у Сэрбію. Гэта патлумачылі міжнароднымі санкцыямі, якія ўвёў Эўразьвяз ў 2014 годзе ў адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны.

Раней у ліпені 2019 году сэрбскія ўлады скардзілася на блякаваньне транзыту зброі Румыніяй. Гаворка ідзе пра каля 60 расейскіх танкаў і адзінак бронетэхнікі, якія ўжо былі ў выкарыстаньні і меліся быць дастаўленыя ў Сэрбію па Дунаі.

У Бялградзе, паводле дадзеных выданьня Romania-Insider, рашэньне Бухарэсту лічаць парушэньнем Канвэнцыі аб суднаходзтве па Дунаі.

Міністэрства абароны Расеі назвала паведамленьні аб затрыманьні расейскага транспарту бранятэхнікі «абсалютнай хлусьнёй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая кіраўніца Эўракамісіі прапанавала дзейнічаць у дачыненьні да Расеі з пазыцыі сілы

27 чэрвеня Эўразьвяз афіцыйна падоўжыў санкцыі супраць Расеі яшчэ на паўгода.

Сэктаральныя эканамічныя санкцыі абмяжоўваюць доступ пэўных расейскіх банкаў і кампаній да першасных і другасных рынкаў капіталу ў ЭЗ, накладваюць забарону на экспарт і імпарт у гандлі узбраеньнямі, уводзяць забарону на экспарт тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня або для вайсковых канчатковых атрымальнікаў у Расеі, а таксама абмяжоўваюць доступ Расеі да пэўных тэхналёгій і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя ў здабычы нафты і пошуку яе залежаў.

Упершыню гэтыя санкцыі былі ўведзеныя 31 ліпеня 2014 году на адзін год у адказ на дзеяньні Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне і ўзмоцненыя ў верасьні 2014 году.