У Наваполацку міліцыянта затрымалі за наркотыкі

Каноплі, ілюстрацыйнае фота

Міліцыя затрымала супрацоўніка Наваполацкага аддзела Дэпартамэнту аховы, яго падазраюць у нелегальным наркозвароце, паведаміла прэс-сактарарка МУС Вольга Чамаданава ў афіцыйным «Тэлеграме».

34-гадовы капітан міліцыі купіў у інтэрнэт-краме насеньне канопляў і вырасьціў зь іх у кватэры знаёмага ня менш за тры кусты, пасьля зь іх падрыхтаваў марыхуану.

Падчас ператрусаў у кватэры міліцыянта і ягонага знаёмага апэратыўнікі знайшлі больш за 30 грамаў наркотыку. Па выніках мэдыцынскіх аналізаў, у арганізьме міліцыянта таксама выявілі сьляды забароненага рэчыва.

Затрыманы сьцьвярджае, што захоўваў канабіс для ўласнага спажываньня.
На міліцыянта завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 328 КК Беларусі (незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў). Цяпер правяраюць, ці займаўся ён збытам наркотыкаў.