Чым падобныя і чым адрозьніваюцца парлямэнты Беларусі і Ўкраіны

Сёлета ўкраінская Вярхоўная Рада можа стаць як ніколі падобнай да беларускай Палаты прадстаўнікоў.

21 ліпеня ва Ўкраіне прайшлі датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду. Іх вынік упершыню ў гісторыі дае прэзыдэнту Украіны магчымасьць амаль неабмежавана прасоўваць свае рашэньні. Гэта робіць Украіну падобнай да Беларусі. Свабода выбрала пяць прыкмет, якія гэта пацьвярджаюць.


Функцыі


Адно з асноўных адрозьненьняў украінскай Вярхоўнай Рады ад беларускай Палаты прадстаўнікоў (для спрашчэньня апусьцім Савет Рэспублікі, склад якога зацьвярджае асабіста Лукашэнка) — магчымасьць фармаваць урад. Ва Ўкраіне гэта робяць дэпутацкія фракцыі, а не прэзыдэнт. Дагэтуль украінскі ўрад і асабліва прэм’ер-міністар часта знаходзіліся ў адкрытай апазыцыі да кіраўніка краіны. Напрыклад, магчымай была сытуацыя, калі пры прэзыдэнце Юшчанку прэм’ерам быў Януковіч. Больш-менш ляяльнай да прэзыдэнта Вярхоўная Рада была ў часы Януковіча і Азарава, але працягвалася гэта нядоўга і скончылася Эўрамайданам. Чым скончыцца перамога на выбарах у Вярхоўную Раду партыі Зяленскага, пакажа час.

У Беларусі сытуацыя кардынальна іншая. На гэты момант, напрыклад, у Палаце прадстаўнікоў толькі дзьве апазыцыйныя дэпутаткі — Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Таксама сёлета ў Палаце прадстаўнікоў здарыўся своеасаблівы «бунт», калі супраць прапанаванага Саветам Міністраў законапраекту аб зьменах у працэдуру прызыву салдатаў тэрміновай службы прагаласавалі ажно 9 дэпутатаў. Гэта амаль кожны дзясяты з народных абраньнікаў. Але гэта для беларускага парлямэнту хутчэй выключэньне.

Абодва парлямэнты маюць магчымасьць выносіць на абмеркаваньне новыя законы. На практыцы, аднак, беларуская Палата прадстаўнікоў робіць гэта вельмі рэдка. У асноўным яе дэпутаты галасуюць за законапраекты, прапанаваныя Саветам Міністраў. І яшчэ не было выпадку, каб Палата прадстаўнікоў прагаласавала супраць прапанаванага «зьверху» варыянту.

Авальная заля Палаты прадстаўнікоў


Выбары


Беларуская Палата прадстаўнікоў на шэсьць гадоў маладзейшая за ўкраінскую Вярхоўную Раду. Першыя выбары ў яе адбыліся ў 1996 годзе, пасьля рэфэрэндуму, які падзяліў Вярхоўны Савет на дзьве часткі. Такім чынам, Палата прадстаўнікоў фактычна новаўтвораны орган, які ня мае нічога супольнага з савецкай спадчынай.

А вось украінская Вярхоўная Рада выводзіць сваю гісторыю акурат з Вярхоўнага Савету УССР. Нават колькасьць дэпутатаў захавалася прыкладна такой. У савецкія часы было каля 480, цяпер 450. Атрымліваецца прыблізна адзін дэпутат на 93 тысячы грамадзян (у Беларусі адзін на 86 тысяч). Выбары, якія прайшлі ў мінулую нядзелю, сталі для Вярхоўнай Рады дзявятымі па ліку. Пры гэтым датэрмінова парлямэнцкія выбары вы Ўкраіне праходзяць ужо трэці раз. У сучаснай беларускай гісторыі падобнага яшчэ ніколі не здаралася.

З выбарамі ў беларускую Палату прадстаўнікоў усё проста — кожны дэпутат балятуецца па сваёй акрузе і перамагае большасьцю набраных галасоў, так званая мажарытарная сыстэма. Ва Ўкраіне складаней — палова з 450 дэпутатаў (225 чалавек) выбіраецца, як і ў Беларусі, паводле мажарытарнай сыстэмы. Праз канфлікт на ўсходзе Ўкраіны сёлета колькасьць выбраных прамым галасаваньнем дэпутатаў скарацілася да 199 акруг. Яшчэ 225 дэпутатаў Вярхоўнай Рады выбіраюцца паводле партыйных сьпісаў. Гэта значыць, што грамадзяне галасуюць за кожную асобную партыю, а ўжо яе кіраўніцтва вырашае, каго накіраваць у склад Вярхоўнай Рады ў якасьці дэпутата. У парлямэнт праходзяць усе партыі, якія на выбарах набралі больш за 5% галасоў.

І яшчэ цікавінка — усе партыі, якія на выбарах набралі больш за 2% галасоў, але не прайшлі ў Раду, атрымліваюць фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту.

Будынак Вярхоўнай Рады ў Кіеве


Склад


Адно з асноўных адрозьненьняў Палаты прадстаўнікоў ад Вярхоўнай Рады. Абсалютная большасьць беларускіх дэпутатаў называе сябе беспартыйнымі — 92 чалавекі з апошняга складу. Яшчэ восем беларускіх дэпутатаў належаць да праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Па тры дэпутаты ад Беларускай патрыятычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Чулі пра такія? ЛДПБ і АГП маюць па адным дэпутаце, калі Ганну Канапацкую яшчэ можна лічыць сябрам АГП.

З другога боку, каля 60% дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зьяўляюцца сябрамі грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», якое можна лічыць правобразам праўладнай палітычнай партыі.

Ва Ўкраіне ўсё кардынальна іначай. Зь мінулага складу ВР толькі 61 дэпутат з 450 быў беспартыйным (пазафракцыйным). Асноўную ролю ў функцыянаваньні Вярхоўнай Рады адыгрываюць акурат палітычныя партыі. Пасьля поўнай перамогі партыі Зяленскага «Слуга народу» на датэрміновых выбарах 21 ліпеня новаствораная партыя фактычна атрымае поўную ўладу ў парлямэнце. Гэта значыць, зможа сфармаваць урад і прымаць законы, мінімальна азіраючыся на думку апанэнтаў.

Асаблівасьцю ўкраінскай Вярхоўнай Рады зьяўляецца таксама тое, што туды часта трапляюць партыі, утвораныя непасрэдна пад парлямэнцкія выбары. Акрамя «Слугі народу», сёлета ў Вярхоўную Раду Украіны таксама прайшоў «Голас» лідэра гурту «Акіян Эльзы» Сьвятаслава Вакарчука.

Беларускі Дом Ураду, дзе праходзяць паседжаньні Палаты прадстаўнікоў


Цікавінкі


Ва Ўкраіне выйграць выбары ў сваёй акрузе недастаткова для таго, каб атрымаць мандат дэпутата. Яшчэ неабходна прынесьці прысягу дэпутата Вярхоўнай Рады. «Прысягаю на вернасьць Украіне, — гаворыцца ў ёй. — Абавязуюся ўсімі сваімі дзеяньнямі абараняць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, клапаціцца пра дабро Айчыны і дабрабыт украінскага народу. Прысягаю прытрымлівацца Канстытуцыі Ўкраіны і законаў Украіны, выконваць свае абавязкі ў інтарэсах усіх суайчыньнікаў». У Беларусі прысягу складае толькі прэзыдэнт.

Тэрмін паўнамоцтваў новага складу Палаты прадстаўнікоў — 4 гады (ва Ўкраіне таксама). Але ў асобных выпадках новыя выбары могуць быць прызначаныя раней і ня будуць лічыцца пры гэтым датэрміновымі. Такое здарылася сёлета, калі празь неабходнасьць разьвесьці прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары дэпутатаў новага складу Палаты прадстаўнікоў будуць выбіраць на год раней, чым гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Такім чынам дэпутаты Палаты прадстаўнікоў апошняга скліканьня будуць працаваць тры гады замест чатырох.

Заля паседжаньняў Вярхоўнай Рады


Заробкі


Паводле інфармацыі выданьня segodnya.ua, сярэдні заробак дэпутата Вярхоўнай Рады складае прыкладна 2700 даляраў. Сюды ўваходзіць як сам заробак, так і сродкі, якія дэпутаты атрымліваюць на аплату арэнднага жыльля, абслугоўваньне аўтамабіляў ды іншыя зьвязаныя з працай выдаткі. Сярэдні заробак ва Ўкраіне па стане на канец 2018 году быў роўны 385 далярам.

У Беларусі памер заробкаў дэпутатаў заставаўся таямніцай да моманту выбраньня ў склад Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і Ганны Канапацкай. Апошняя рэгулярна выкладвае ў сацсеткі свае разьліковыя лісткі. Згодна з гэтай інфармацыяй, дэпутат Палаты прадстаўнікоў атрымлівае ў сярэднім 1800 даляраў. Гэта ўсяго ў 4,5 раза больш за сярэдні заробак (ва Ўкраіне розьніца паміж заробкам дэпутата Вярхоўнай Рады і сярэднім заробкам дасягае 7 разоў). Пры гэтым, калі дэпутат беларускай Палаты прадстаўнікоў пасьля завяршэньня свайго мандату ідзе на пэнсію, яго заробак працягваюць выплачваць у поўным аб’ёме да самай сьмерці.