Выбары ў Японіі: на коне зьмена пацыфісцкай канстытуцыі

Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ

Кіроўны блёк прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ, паводле папярэдніх вынікаў, атрымаў вялікую перамогу на нядзельных выбарах у верхнюю палату парлямэнту.

Сіндзо Абэ, такім чынам, стане прэм’ерам з самым працяглым стажам кіраваньня ў гісторыі Японіі. Лібэральна-дэмакратычная партыя Абэ і яе малодшы партнэр па кааліцыі заручыліся больш чым паловай з 124 мандатаў.

Пытаньне, аднак, у тым, ці зможа кіроўны блёк разам з саюзьнікамі ўтрымаць кваліфікаваную большасьць у дзьве траціны галасоў, неабходных, каб запусьціць працэс перагляду так званага «пацыфісцкага» 9-га артыкулу Канстытуцыі Японіі, піша японская прэса. Гэты артыкул быў складзены амэрыканскімі акупацыйнымі ўладамі пасьля 2-й сусьветнай вайны і з 1947 году застаецца нязьменным. У яго тэксьце прапісана, што Японія адмаўляецца ад свайго сувэрэннага права на вайну як спосабу вырашэньня міжнародных спрэчак і ня будзе ствараць уласныя ўзброеныя сілы, здольныя на вядзеньне поўнамаштабных ваенных дзеяньняў.

Дзявяты артыкул, хоць фармальна і не пераглядаўся, тлумачыўся наступнымі ўрадамі пашырана, як той, які дазваляе Японіі мець сілы самаабароны.

Лягер Абэ выступае за зьмяненьне артыкулу; апазыцыя гэтаму пярэчыць, заяўляючы, што рэформа дорага абыдзецца японскаму падаткаплатніку і што яе прыняцьце небясьпечнае рызыкай уцягваньня краіны ў геапалітычныя афёры Вашынгтону.

Нягледзячы на высокія стаўкі на выбарах, яўка была невысокай, каля паловы сьпісачнай колькасьці выбарнікаў. Канчатковыя вынікі галасаваньня абвесьцяць 22 ліпеня.