Ва Ўкраіне падлічылі палову галасоў на выбарах у Раду. Партыя Зяленскага набірае 42%

Камісія падчас падліку пратаколаў на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны. Кіеў, 21 ліпеня 2019 году

Паводле стану на 11.00 раніцы 22 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны падлічыла 50,24% пратаколаў на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду Ўкраіны.

  • Першае месца, згодна з падлікамі, займае партыя цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народа» (42,44%).

Значна адстаюць ад лідэра партыі

  • «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!» кума Пуціна Віктара Медзьведчука (12,87%);
  • партыя былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» (8,65%);
  • Усеўкраінская асацыяцыя «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (8,02%);
  • партыя музыкі Сьвятаслава Вакарчука «Голас» (6,39%).

Такім чынам, у Вярхоўную Раду Ўкраіны праходзяць 5 партый.

На першым месцы сярод палітычных сілаў, якім не хапіла галасоў для ўваходжаньня ў склад парлямэнту стаіць «Радыкальная партыя Алега Ляшко» (3,79%), за ёй ідзе «Сіла і гонар» (3,74%) і «Апазыцыйны блёк» (3,22%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне выбары ў Вярхоўную Раду. Ці атрымае Зяленскі кантроль над парлямэнтам?

Дадзеныя ў цэлым супадаюць з вынікамі, апублікаванымі сацыёлягамі Нацыянальнага экзыт-полу.

Па выніках апытаньня, неабходны бар’ер у пяць адсоткаў пераадольваюць:

  • «Слуга народа» — 44,2%;
  • «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!» — 11,4%;
  • «Эўрапейская салідарнасьць» — 8,8%;
  • «Бацькаўшчына» — 7,4% «Голас» — 6,5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на выбарах у Вярхоўную Раду перамаглі партыі Зяленскага і Парашэнкі

21 ліпеня ва Ўкраіне адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Участкі закрыліся ў 20.00.

На пасады народных дэпутатаў прэтэндуюць амаль 6 тысяч кандыдатаў.

Яўка выбарнікаў, паводле ЦВК, склала 49,84%. Гэта самая нізкая актыўнасьць выбарнікаў на парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне.