Расейскі тэлевядоўца Леанід Якубовіч наведаў рэстарацыю «Поедем поедим» каля Курапатаў

Леанід Якубовіч (зьлева)

Абаронцы Курапатаў бачылі ў рэстарацыі «Поедем поедим» вядоўцу папулярнай расейскай тэлеперадачы Леаніда Якубовіча. У гэты час у рэстарацыі пачалі адзначаць вясельле. Спачатку актывісты вырашылі, што тэлевядоўца запрошаны на вясельле, але праз гадзіну Якубовіч з тэрыторыі рэстарацыі выехаў.

«Прыехаў ён прыблізна а 19 гадзін вечара. Сядзеў на пасажырскім месцы каля кіроўцы ў чорным «Мэрсэдэсе». Мы ўсе яго бачылі, але спачатку сфатаграфаваць не пасьпелі — хто ж чакаў такога. А як зьязджаў, дык сфатаграфавалі. Прычым яго вывозілі на іншай машыне, ужо на «Опэлі»», — паведаміў карэспандэнту Свабоды актывіст Дзяніс Юркевіч.

Паводле Дзяніса Юркевіча, пікетоўцы не пасьпелі перадаць Леаніду Якубовічу буклет пра Курапаты. Звычайна такія буклеты актывісты перадаюць наведнікам на ўездзе ў рэстарацыю «Поедем поедим». Пікетоўцы расказвалі, што некаторыя наведнікі, дазнаўшыся пра месца, дзе знаходзіцца рэстарацыя, разварочваюцца і зьяжджаюць.

Як даведалася Свабода зь іншай крыніцы, расейскі тэлевядучы быў тамадою на весельлі ў рэстарацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мянчук зрабіў сайт пра Курапаты на 60 мовах

Вядоўца расейскай тэлепраграмы «Поле чудес» Леанід Якубовіч зьбіраўся наведаць Менск у канцы ліпеня. Пра гэта ён казаў у праграме «Жить здорово», паказанай у Беларусі 19 ліпеня на ОНТ. У перадачы Леанід Якубовіч паведаміў вядоўцы праграмы Алене Малышавай, што 24 ліпеня будзе ўдзельнічаць у адкрыцьці авіяспартовага чэмпіянату ў Баравой пад Менскам.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў пачалося 1 чэрвеня 2018 год і з таго часу не спынялася ні на дзень. Пікетаваньне праводзяць вахтавым мэтадам сябры некалькіх партыяў і грамадзкіх арганізацыяў дэмакратычнага кірунку, а таксама незалежныя актывісты. Абаронцы Курапатаў дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, бо лічаць, што яна збудаваная ў ахоўнай зоне і яе дзейнасьць у гэтым месцы зьневажае памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і супярэчыць нормам маралі.

Пракуратура ў адказ на просьбы праверыць законнасьць выдачы дазволу на пабудову рэстарацыі каля Курапатаў заяўляе, што закон ня быў парушаны.