Камяні, пэтарды і лаянка. Радыкалы спрабуюць сарваць першы ў гісторыі Беластоку «Парад роўнасьці»

Ілюстрацыйнае фота

У Беластоку сёньня адбываецца першы ў гісторыі гораду «Парад роўнасьці», які ладзяць арганізацыі ЛГБТ. Мерапрыемства пад лёзунгам — «Беласток — дом для ўсіх» — спрабуюць сарваць праварадыкалы.

Супраць шэсьця ўжо напярэдадні выказваліся нацыяналістычныя і рэлігійныя арганізацыі, каталіцкія герархі. Нягледзячы на гэта каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры гораду і рушылі цэнтральнымі вуліцамі Беластоку ў суправаджэньні паліцыі.

Перашкодзіць ім у гэтым паспрабавалі некаторыя гараджане, псэўдазаўзятары і прадстаўнікі праварадыкальных арганізацый.

Раней яны абяцалі на сваіх профілях у сацыяльных сетках блякаваць шэсьце.

У бок удзельнікаў параду яны кідалі камяні, пэтарды і лаяліся. Паводле арганізатараў, некалькі чалавек атрымалі апёкі.

«Парад роўнасьці» адбываецца ў розных гарадах Польшчы. Яго ладзяць арганізацыі ЛГБТ. Удзельнікі мерапрыемства патрабуюць ад уладаў гарантаваць усім грамадзянам роўнасьць незалежна ад полу, сэксуальная арыетацыі, нацыянальнасьці, узросту і рэлігійнай прыналежнасьці.