На Гомельшчыне дырэктар і пэдагогі школы мастацтваў дапісвалі сабе вучняў

Брагін, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю выявілі факты незаконнага атрыманьня заробку дырэктарам і пэдагогамі Брагінскай школы мастацтваў, піша БелТА.

Цягам 2016-2019 гадоў тры настаўнікі і дырэктар школы дапісвалі колькасьць вучняў, павялічваючы вучэбную нагрузку. Паводле КДК, пэдагогі незаконна атрымалі больш 21 100 рублёў заробку. Агулам пасьля праверкі пэдагогі вярнулі ў бюджэт 23 700 рублёў з улікам працэнтаў.

У школе лічыліся вучні, якія не наведвалі заняткі. Напрыклад, адна дзяўчынка паступіла ў ліцэй і пераехала ў іншы горад, аднак паводле журналам яна хадзіла на заняткі і атрымоўвала адзнакі. Яшчэ 6 вучняў нібыта наведвалі заняткі ў час, пасьля якога апошні школьны аўтобус выехаў у іх населены пункт.

Паводле дзяржкантролю дырэктарка школы ў 2017/2018 годзе фактычна працавала толькі 5 з 10 гадзінаў на тыдзень, а ў 2018/2019 годзе — 3 з 10 гадзінаў на тыдзень. Па аформленых «фіктыўным» дакумэнтам дырэктарка ў выніку атрымала 1400 рублёў, а таксама 1000 рублёў прэміі за канцэртную дзейнасьць, якая не ажыцьцяўлялася. Супраць дырэктаркі завялі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Nexta апублікаваў аўдыё, як выкладчыкі крыюць матам студэнта. Разьбіраецца ўпраўленьне адукацыі