Падчас эвакуацыі з самалёта Boeing 737 у аэрапорце Масквы пацярпелі 8 чалавек

Архіўнае фота. Самалёт авіякампаніі ordwind у маскоўскім аэрапорце Шарамецьева

Восем пасажыраў пацярпелі пры экстранай эвакуацыі самалёта Boeing 737 авіякампаніі Nordwind у маскоўскім аэрапорце Шарамецьева.

Лайнэр Boeing-737, на борце якога знаходзіліся 173 пасажыры (162 дарослыя, 11 дзяцей) і шэсьць чальцоў экіпажу, вылятаў рэйсам N4-477 у Ерэван у ноч на 19 ліпеня. Як паведамілі пазьней у авіякампаніі, падчас разгону па ўзьлётна-пасадачнай паласе ў пасажырскім салёне «зьявіўся староньні пах». У выніку экіпаж прыняў рашэньне спыніць узьлёт.

Пасьля вызваленьня ўзьлётна-пасадачнай паласы і выключэньня рухавікоў была арганізаваная эвакуацыя пасажыраў па аварыйных надзіманых трапах. Восем пасажыраў атрымалі траўмы, калі спускаліся з самалёта. Два пасажыры былі шпіталізаваныя, паведамляе ТАСС.

У 05.34 раніцы пасажыраў, эвакуаваных з Boeing-737, адправілі ў Ерэван рэзэрвовым бортам. 28 чалавек адмовіліся ад пералёту.

Прадстаўнікі экстраных службаў прыкметаў гарэньня або задымленьня ў самалёце не знайшлі. Што стала прычынай «староньняга паху» на борце самалёта, які ў першых паведамленьнях пра інцыдэнт называлі дымам, пакуль невядома.