Японец падпаліў кінастудыю, згарэлі два дзясяткі чалавек

Пажар у кінастудыі Kyoto Animation

Ня менш за дваццаць тры чалавекі загінулі, дзясяткі іншых атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці і трыццаць пяць чалавек шпіталізаваныя ў выніку пажару, які ўспыхнуў напярэдадні ў кінастудыі Kyoto Animation — горад Кіёта, Японія.

Папярэдняя вэрсія сьледзтва — наўмысны падпал. Падазраваны ў злачынстве затрыманы, паведамляе тэлеканал NHK са спасылкай на мясцовую паліцыю.

Пажар пачаўся каля 10:35 паводле мясцовага часу. Полымя ахапіла трохпавярховы будынак студыі, дзе ў гэты момант былі 70 чалавек, занятыя стварэньнем мультыплікацыйных фільмаў. Відавочцы расказалі паліцыянтам, што бачылі зламысьніка: ён, нібыта, крыкнуў «Памрыце!», паліў памяшканьне бэнзінам і падпаліў, паведамляе выданьне Kyodo News.

Траўмы атрымаў і сам злачынец, мужчына 41 года, які застаецца ў шпіталі. Ён прызнаў сваю віну, аднак пра свае матывы паліцыі не паведаміў.

У сацыяльных сетках абмяркоўваецца вэрсія, згодна зь якой гэты чалавек напісаў на адным з вэб-форумаў: «Ці змагу я зьявіцца ў навінах?»