Суд у Мэксыцы прысудзіў расейца Аляксея Макеева да 37 з паловай гадоў пазбаўленьня волі за забойства, учыненае ў траўні 2017 году ў горадзе Канкун, паведаміла пракуратура штата Кінтана-Раа.
Макееў таксама павінен выплаціць 405 тысячаў мэксыканскіх пэса (21,2 тысяч даляраў) у якасьці кампэнсацыі.
19 траўня 2017 году жыхары Канкуна атачылі дом, у якім жыў Макееў. Сварка перарасла ў бойку, падчас якой Макееў параніў нажом аднаго зь мясцовых жыхароў. Пазьней ён памёр у шпіталі. Самога Макеева шпіталізавалі з чэрапна-мазгавой траўмай, ён прабыў у рэанімацыі некалькі дзён. Пасьля выпіскі з бальніцы Макеева ўзялі пад варту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэксыканская паліцыя ахоўвае расейца, які пазьбегнуў лінчаваньня. ВідэаБлогер Аляксей Макееў вядомы пад нікам Alextime. Ён публікаваў на Youtube ролікі, у якіх абражаў жыхароў Мэксыкі. У роліках, а таксама ў блогу ў LiveJournal ён разьмяшчаў нацысцкую сымболіку.
Суд прызнаў расейца вінаватым, хоць абарона Макеева настойвала, што мэксыканец загінуў у выніку неабходнай самаабароны.
У амбасадзе Расеі ў Мэксыцы паведамілі «РИА Новости», што падчас пасяджэньня правы Макеева былі захаваныя. Паводле дыпляматаў, па законах Мэксыкі расеец мае права на тое, каб адбываць пакараньне на радзіме, але ён з такой просьбай пакуль не зьвяртаўся.